Напярэдадні свята – Дня абаронцаў Айчыны – да Іосіфа Снягурскага завіталі госці: прыехалі яго землякі з Мяляхавіцкага сельсавета.
Для віншаванняў нагода важкая: Іосіф Уладзіміравіч не толькі былы танкіст, заслужаны калгаснік, але і юбіляр. Яму споўнілася 90 гадоў.
З адметнай падзеяй павіншавалі юбіляра старшыня Мяляхавіцкага сельвыканкама Вера Добыш, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП “Белагурна” Андрэй Добыш, работнік культуры Святлана Венская. Яны ўручылі Іосіфу Уладзіміравічу кветкі, падарунак і нават паспявалі песні пад баян. Такой увазе і прыемнаму сюрпрызу юбіляр быў вельмі рады, бо жыве цяпер не на радзіме, а непадалёку ад сына, у вёсцы Баравікі.
Распытваў пра знаёмых з Мяляхавічаў, Белагурна, дзе прайшло ўсё яго жыцццё. Свае родныя мясціны пакідаў Іосіф Уладзіміравіч надоўга толькі ў маладосці, калі прызвалі на службу ў войска. Патрапіў у вучэбку ў Чэлябінск. Навучаўся там вясковы хлопец абслугоўваць танкі і кіраваць імі. А служыць давялося каля Слуцка. Было гэта на пачатку 60-х.
І нават цяпер, амаль праз 70 гадоў, былы камандзір танка можа падрабязна расказаць, чым адметны Т-34, ІСУ-152 ці ІС-3. Многія мадэлі даводзілася абсталёўваць, абкатваць, а затым адпраўляць на месцы прызначэння.
– ІС-3 – мой любімы танк. Можна сказаць, сімпатычны. А як па лесе ідзе, то аж хвойкі “ляцяць”, — з захапленнем расказваў Іосіф Уладзіміравіч нам, прысутным.
– На той час — унушальная тэхніка. Распрацоўвалі ў час Вялікай Айчыннай вайны, а ў вытворчасць запусцілі перад самай перамогай. Паваяваць баявая машына не паспела, таму лічыцца адным з першых пасляваенных савецкіх танкаў. Верхняя частка корпуса адметная, вось і атрымаў танк мянушку “шчука”.
Менавіта на вайсковай службе, асвойваючы цяжкую ваенную тэхніку, Іосіф Снягурскі атрымаў вадзіцельскае майстэрства і вопыт. Таму калі вярнуўся дахаты, былому танкісту адразу далі трактар.
Спрабавалі пазней даручыць брыгадзірства, але праз пару месяцаў Іосіф Уладзіміравіч катэгарычна адмовіўся. Душа хінулася да тэхнікі. І не было ў саўгасе “Мяляхавічы” той машыны, трактара ці камбайна, на якім бы не мог працаваць Снягурскі.
Працаваў старанна, пра што сведчаць узнагароды — граматы, падзякі, пасведчанні пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. А самая важкая яго працоўная ўзнагарода – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Беражэ і шануе. Кажа, застанецца памяць унукам-праўнукам.
Іосіф Уладзіміравіч мае пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. А вось яго жонка Соф’я Вікенцьеўна і старэйшы сын з-за хваробы пайшлі з жыцця. 23 гады прайшло, як жыве адзін. Але пастаянна прыязджаюць сын Міхаіл і нявестка Святлана з Дзятлава. Не забываюць і мінчане, у сталіцы жыве другі сын. Летам тут любяць адпачываць усе, асабліва ўнукі. Мясціны грыбныя, нездарма ж называюць Баравікамі.
Перабраўшыся сюды, бліжэй да сына, Іосіф Уладзіміравіч “разведаў” усё наваколле. У хаце яму не сядзіцца: занятак знойдзе каля дома або ідзе па лясных сцяжынках. Кажа, і па 10 кіламетраў можа находжваць, ногі пакуль не падводзяць. Сваім родным Іосіф Уладзіміравіч сказаў:
– Пашпарт да 100 гадоў далі? Далі! Трэба дажываць!
Менавіта прычакаць яшчэ многіх вёснаў пажадалі юбіляру і былому танкісту яго землякі. І праз 10 гадоў месца сустрэчы тое ж – Баравікі!
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
У другой палове дня ў райвыканкаме практычную частку мерапрыемства змяніла пасяджэнне выязной калегіі ўпраўлення культуры…
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда ў…
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда наведаў…
Президент Беларуси Александр Лукашенко в интервью французскому журналу Le Point 17 ноября высказался о роли…
Перечень заготовителей и объемы поставок (закупок) сельскохозяйственной продукции и сырья для республиканских государственных нужд на…
Вопрос: Будет ли иметь право на дополнительную профессиональную пенсию в системе профессионального пенсионного страхования (далее…