Ажыццяўляючы натарыяльнае дзеянне, натарыус атрымлівае доступ да звестак, якія тычацца асабістага жыцця грамадзяніна, або інфармацыі, якая складае камерцыйную тайну юрыдычных асобаў.

Для абароны асабістых немаёмасных і маёмасных правоў асобаў, якія звяртаюцца ў кантору, натарыяльнае заканадаўства ўтрымлівае прынцып тайны натарыяльнага дзеяння. Акрамя натарыусаў, патрабаванне аб захаванні тайны натарыяльнага дзеяння распаўсюджваецца таксама на ўпаўнаважаных адказных асобаў, якія яго ўчыняюць. Гэта кіраўнікі спраў сельскіх выканаўчых камітэтаў, а таксама на ўсіх асобаў, якім аб учыненым натарыяльным дзеянні стала вядома ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў. Самі ўдзельнікі натарыяльнага дзеяння не абавязаны захоўваць у тайне тое, што яны рабілі ў натарыуса.

Згодна з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці” натарыяльную тайну складаюць: звесткі па ўчыненым натарыяльным дзеянні, іншыя, атрыманыя пры яго ўчыненні ці звароце да натарыуса, упаўнаважанай адказнай асобы зацікаўленай асобы, у тым ліку аб яго асабістых немаёмасных і (ці) маёмасных правах і абавязках.

Новай рэдакцыяй закона прадугледжана, што ёсць звесткі, якія не складаюць натарыяльную тайну, а менавіта: аб адмененай даверанасці (дата засведчання і адмены даверанасці, прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) натарыуса, які засведчыў даверанасць, парадкавы нумар у рэестры для рэгістрацыі натарыяльных дзеянняў); звесткі аб адкрыцці спадчыннай справы (прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) памерлага і натарыуса, які адкрыў спадчынную справу).

Замацоўваючы прынцып тайны, закон устанаўлівае правілы, якія гарантуюць яго захаванне, прадугледжваючы, што звесткі (дакументы) па ўчыненым натарыяльным дзеянні выдаюцца толькі грамадзянам і юрыдычным асобам, ад імя, на імя, па даручэнні або ў адносінах да якіх было ўчынена натарыяльнае дзеянне. Таксама прадугледжаны пералік органаў, па пісьмовым запыце якіх натарыус  абавязаны прадаставіць звесткі і дакументы па ўчыненым натарыяльным дзеянні. Напрыклад, па запыце судоў, органаў крымінальнага пераследу, пракурораў, органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, мытных і іншых дзяржаўных органаў, па справах, якія знаходзяцца ў іх вытворчасці.

У адносінах да звестак аб завяшчанні законам прадугледжаны спецыяльныя ўмовы іх выдачы толькі завяшчальніку, а пасля яго смерці – асобам і органам, пазначаным раней, а таксама мужу (жонцы), бацькам, усынаўляльнікам (удачаральнікам), родным братам і сёстрам, дзядулю, бабулі, унукам завяшчальніка. Адпаведна, звяртаючыся да натарыуса па атрыманне звестак аб завяшчанні, неабходна мець з сабою пашпарт, даведку аб смерці завяшчальніка і дакументы, якія пацвярджаюць з ім сваяцтва.

Любоў АЎСІЕВІЧ,
натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации