Дзятлаўскі сыраробны завод – лаўрэат прэміі аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці.

Па выніках штогадовага абласнога конкурсу на атрыманне прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за дасягненні ў галіне якасці ў 2017 годзе вызначаны 6 лаўрэатаў з 17 канкурсантаў.

У першай падгрупе – вытворчасць харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі з колькасцю працуючых да 500 чалавек – пераможцам стала адкрытае акцыянернае таварыства “Дзятлаўскі сыраробны завод”, прадукцыя якога выходзіць пад брэндам “Сырная страна”, шырока вядомым у нашай рэспубліцы і за яе межамі.

“Сырная страна” не хавае сакрэтаў свайго поспеху і гатова дзяліцца імі са спажыўцамі. Сярод складнікаў перамогі – натуральнасць прадукцыі. У вытворчасці выкарыстоўваюцца натуральныя чыстыя культуры і малочнакіслыя бактэрыі, няма генетычна мадыфікаваных мікраарганізмаў. Асартымент прадукцыі прадпрыемства пашырацца не за кошт раслінных дабавак, а з дапамогай новага пакалення заквасак, якія з’яўляюцца натуральнымі кампанентамі сыру. Менавіта закваска і адпаведны тэмпературны рэжым выспельвання даюць кожнаму новаму гатунку своеасаблівы водар і малюнак (памер і колькасць дзірачак на зрэзе). Вялікую ўвагу на заводзе надаюць і якасці сыравіны, за чым пільна сочыць лабараторыя прадпрыемства.

Якасць прадукцыі “Сырной страны” пацверджана шматлікімі ўзнагародамі, колькасць якіх расце з кожным годам. Не стаў выключэннем і 2018-ы, калі ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” удзельнічала ў 25-й юбілейнай міжнароднай выставе прадуктаў харчавання “Прадэкспа-2018” у горадзе Маскве.

“Прадэкспа” ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых харчовых выставаў свету і ўражвае сваімі маштабамі. Сёлета канкурэнцыю “Сырной стране” тут складалі прадстаўнікі харчовага бізнэсу з 46 краін.

Паспяховым для дзятлаўскіх сыраробаў быў конкурс-дэгустацыя прадуктаў “Лепшы смак”. Дарэчы, метад дэгустацыі – самы прагрэсіўны ў тэсціраванні прадуктаў, бо дае дакладную ацэнку перспектываў на рынку, галасаванне і падлік галасоў праводзяцца публічна, арганізатары мерапрыемства не могуць паўплываць на вынікі.

Прадукцыя Дзятлаўскага сыраробнага завода адзначана на сёлетняй выставе чатырма дыпломамі першай ступені: за масла сметанковае “Крестьянское” з масавай доляй тлушчу 72,5%, сыр паўцвёрды “ATLETas” з масавай доляй тлушчу 50%, сыр цвёрды “Chesse BUM” з масавай доляй тлушчу 45%, сыр мяккі “Ricotta” слабасалёны з масавай доляй тлушчу 30%, а таксама дыпломам другой ступені за сыр паўцвёрды з чэдэрызацыяй “Chedder Gold” з масавай доляй тлушчу 45%. Чарговы раз Дзятлаўскі сыраробны завод заваяваў прыхільнікаў смакам і якасцю сваёй прадукцыі.

Прадпрыемства прадаўжае актыўна прадстаўляць сваю прадукцыю за межамі Беларусі. У якасці экспанента
“Сырная страна” сёлета паўдзельнічала ў выставе “MADE IN BELARUS”, якая праходзіла ў Кіеве (Украіна) і ў аднайменнай выставе беларускай прадукцыі ў Душанбэ (Таджыкістан), якую наведваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Варта зазначыць, што ад Калінінграда да Далёкага Усходу Дзятлаўскі сыраробны завод мае гандлёвых партнёраў, якія прадстаўляюць “Сырную страну” на расійскім рынку: прадукцыя рэалізоўваецца ў Чэлябінску, Ніжнім Ноўгарадзе, Бранску, Маскве, Варонежы, Пецярбургу. Заключаны кантракты з гандлёвымі партнёрамі з поўдня Расіі – Краснадарскага краю, паўвострава Крыма. Акрамя таго, супрацоўнічае прадпрыемства з Данецкай і Луганскай абласцямі. Геаграфія паставак увесь час пашыраецца. Сёлета прадпрыемства дыверсіфікавала рынкі збыту на Казахстан і Кыргызстан. Цяпер экспарт у іншыя краіны складае 12% ад продажу прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю.

Што тычыцца ўнутранага рынка, то “Сырная страна” дастаткова шырока прадстаўлена ў такіх буйных беларускіх гандлёвых сетках, як “Еўраопт”, “Дабраном”, гандлёвых цэнтрах “Карона”, “Алмі”.

Дзятлаўскія сыраробы крочаць у нагу з часам і не баяцца эксперыментаваць, распрацоўваючы новыя віды прадукцыі. У 2018 годзе “навінка” прадпрыемства сыр PARMEZAN “заваёўвае” сваіх спажыўцоў.

Работа на вытворчасці – гэта работа каманды, зазначае выконваючая абавязкі дырэктара ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” Вольга Болцік. Тыя вынікі, пра якія ішла размова, безумоўна, уклад кожнага з работнікаў.

Аднаму спецыялісту, наколькі б прафесійным і падрыхтаваным ён ні быў, немагчыма вырашыць увесь спектр праблем. У гэтым кірунку 2017 год прынёс заводу заслужаную ўзнагароду: калектыў ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” быў адзначаны дыпломам за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці па выніках 2017 года з занясеннем на раённую Дошку гонару.

Аднак актыўна на ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” праходзяць не толькі працоўныя будні, “кіпіць” тут і грамадскае жыццё. 269 работнікаў завода з’яўляюцца ўдзельнікамі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Яе актывісты прымаюць удзел у раённых мерапрыемствах і спартыўных спаборніцтвах. Цікава ў “Сырной стране” праходзяць сустрэчы з ветэранамі працы, экскурсіі, паездкі, а нядаўна дзятлаўскія сыраробы паўдзельнічалі ў раённым турзлёце для працоўнай моладзі. Не менш актыўна ідзе падрыхтоўка да найважнейшых святаў – Дня горада і Дня Незалежнасці.

Малочная прамысловасць адна з самых прыярытэтных галін развіцця беларускай эканомікі і візітная картка нашай краіны. На працягу апошніх гадоў Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых пастаўшчыкоў малака ў свеце. Значны ўклад у агульную справу ўносіць і ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, адпраўляючы на экспарт больш за 80% сваёй прадукцыі.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Читайте также:

Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Гарады (частка 1)

Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Валейбол (Частка1)

Спартакіяда сабрала каманды летнікаў

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации