Ярка, цікава, запамінальна 14 кастрычніка ў Мінску ў Палацы культуры прафсаюзаў прайшоў фінал V рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2022”.

Адметна, што сёлета Гродзенскі рэгіён на сталічнай сцэне прадстаўляла сям’я абласных пераможцаў Юрыя і Алены Міклашаў з гарадскога пасёлка Наваельня. Яны гадуюць трох прыгожых і таленавітых дачок – Ксенію, Аляксандру, Алесю.

Пасля падвядзення вынікаў Міклашы аказаліся ўсяго за крок ад перамогі – ім і сям’і Жураўлёвых з Магілёўшчыны прысуджана ІІ месца, сям’ёй года-2022 прызнаны Ілюшыны з Брэсцкай вобласці, а ўсяго ў рэспубліканскім фінале сустракаліся 7 сем’яў, якія прадстаўлялі кожны з рэгіёнаў Беларусі. Так, ІІІ месца занялі сем’і Станкевічаў з Мінскай вобласці, Гаўрыльчанкаў з Гомельшчыны, Лаверавых з Віцебшчыны і Трыкозаў са сталіцы.

На суд журы ўдзельнікі прадставілі свае візітоўкі з сімвалічнай назвай “Радавод”, у якіх расказалі пра сямейныя звычаі і традыцыі, раскрылі гісторыю свайго роду. А больш дэталёва даведацца пра творчыя захапленні, поспехі, дасягненні, нераўнадушную жыццёвую пазіцыю дапамаглі сямейныя прэзентацыі ў рамках сацыяльна значнага праекта “Мая сям’я – мая краіна”.

Міклашы, напрыклад, зрабілі ўхіл на сельскую тэматыку, працу на зямлі, народныя традыцыі, якія дасталіся ім ад продкаў: сям’я пазіцыяніравала сябе ў якасці “сельскіх прадпрымальнікаў”, якія трымаюць некалькі кароў і займаюцца перапрацоўкай малочнай прадукцыі. Аднак сярод гаспадарчых справаў у членаў гэтай дружнай сям’і заўсёды знаходзяцца вольныя гадзіны для творчасці. Нездарма шматдзетная матуля Алена Міклаш працуе ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў філіяла № 2 гарадскога пасёлка Казлоўшчына, Ксенія, Аляксандра і Алеся захапляюцца вакалам, харэаграфіяй, маляваннем, што і прадэманстравалі на сцэне. Прыгожую палову сямейства ва ўсім падтрымлівае тата Юрый, хоць ён і з’яўляецца прадстаўніком менш творчай прафесіі – працуе ў Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Выступленне Міклашаў было прыгожым і запамінальным з цікавым сцэнічным антуражам, танцамі і меладычнымі песнямі, якія гледачам дарылі не толькі члены сям’і, але і народны ансамбль песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры, а казачнымі хвілінамі вяртання ў дзяцінства стала шоу ад узорнага тэатра гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх”. Не засталася ў баку ад падзей група падтрымкі з ліку дзятлаўчан і новаяльнянцаў.

Каб атмасферу свята адчуў кожны, пастараліся арганізатары і спонсары праекта: ад іх сем’і-фіналісты атрымалі важкія прызы, у тым ліку грашовыя прэміі, сертыфікаты на маразільнік, веласіпед, планшэтныя камп’ютары.

Паколькі арганізатарам конкурсу выступае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пры ўдзеле Міністэрстваў інфармацыі і культуры, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага саюза жанчын, то на сцэне фіналістаў віншавалі прадстаўнікі гэтых ведамстваў і аб’яднанняў.

Напрыклад, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч выказала прапанову ў 2023 годзе да Дня сям’і ў маі правесці рэгіянальныя форумы пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”, пачынаючы з самага першага з іх, які адбыўся ў 2012 годзе. Міністр дадала, што, калі гэта ініцыятыва знойдзе падтрымку, сама яна паедзе ў той рэгіён, які цяпер заняў першае месца, значыць, на Брэстчыну.

Напрыканцы сваімі ўражаннямі ад конкурсу падзялілася старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік:

– Гэта ўжо пяты па ліку конкурс рэспубліканскага праекта “Сям’я года”, і ўсе сем’і-пераможцы Прынёманскага рэгіёна сталі для нас блізкімі людзьмі, за якіх мы заўсёды радуемся. Сям’я Міклашаў таксама была прыгожай парай на абласным конкурсе, падрыхтавала сапраўднае шоу для рэспубліканскага фіналу. Яны прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, у чарговы раз паказалі, на што здольны Гродзенскі край.

Міклашы – дружныя і працавітыя, на такіх сем’ях трымаецца наша дзяржава, яны – соль беларускай зямлі.

Жадаю, каб яшчэ надоўга ў Юрыя, Алены і іх дзяцей заставаўся той станоўчы зарад эмоцый, які яны атрымалі ад конкурсу. Не важна, што месца другое, затое праект падарыў шмат памятных падзей, новых сяброў і добрыя ўражанні.

Юрый і Алена Міклашы:

– Сумленна кажучы, калі нас запрашалі на раённы этап конкурсу, мы спачатку адмаўляліся. Нават падумаць не маглі, што дойдзем да фіналу і выступім у Мінску. Уражанні самыя яркія, эмоцыі словамі не перадаць. На жаль, не першае месца, але праз два гады можна паспрабаваць яшчэ раз.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации