У гарадскім пасёлку Наваельня 26 мая прайшло свята вышыванкі.
На ўрачыстасць новаяльнянцаў заклікаў мясцовы духавы аркестр, які з бадзёрымі маршамі прайшоўся па вуліцах пасёлка. А да яго далучыліся і ўдзельнікі свята – каманды “Вяселай эстафеты”, сем’і ў вышыванках, танцоры, спевакі і нават… рыцары ў даспехах!
На пляцоўцы каля Новаяльнянскага дома культуры загучаў аповед пра яе вялікасць – вышыванку. Вядучыя свята расказалі пра гісторыю гэтага мастацтва, а юныя артысты славілі “віноўніцу” свята песнямі і танцамі.
З прывітальным словам да гасцей свята звярнулася старшыня Новаяльнанскага сельвыканкама Ірына Кунахавец. Яна адзначыла, што гэтае свята – не толькі добрая традыцыя, але і погляд у мінулае, пашана асобым сімвалам нашай краіны.
Упершыню на свяце вышыванкі прайшло дэфіле адзення з падручных матэрыялаў. Уборы з поліэтыленавых сумак, пакетаў для смецця, сурвэтак, гафрыраванай паперы – з чаго толькі не робяць творчыя людзі вопратку!
Паказ быў на конкурснай аснове, удзел у ім прымалі маленькія мадэлі, якія выклікалі ў гледачоў сапраўднае захапленне.
На “Вясёлую эстафету” сёлета сабраліся дзве каманды, арганізатары спаборніцтваў прапанавалі ўдзельнікам вясёлыя заданні.
Кожная каманда мела сваю групу падтрымкі, якая заўзята “хварэла”.
На старт выйшлі прадстаўнікі Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў і Новаяльнянскай гарадской бальніцы.
Стараліся ўсе, але перамога дасталася самым спрытным і згуртаваным.
Дарэчы, на свяце былі прадстаўлены работы новаяльнянскіх майстрых Галіны Літвінскай, Сняжаны Піцур, Таццяны Васільевай, Алы Нікіпорчык, Наталлі Бяляк, Алены Майсюк, Ганны Ярмоленка. З карцінамі, вышытымі крыжыкам, можна было пазнаёміцца на выставе каля Дома культуры.
У госці да новаяльнянцаў завіталі артысты з Баранавічаў – народны танцавальны калектыў “Юрачка”, са Слоніма – вакальны ансамбль “Славяначка”, са Скідзеля – мадэлі тэатра моды. Разам з артыстамі Дзятлаўшчыны яны ладзілі канцэртную праграму.
Напружанай і інтрыгуючай часткай свята стала падвядзенне вынікаў конкурсаў. Членам журы прыйшлося няпроста, але пераможцаў вызначылі.
Так, у конкурсе “Дэфіле мадэляў” удзельнікаў падзялілі на дзве групы – малодшую і старэйшую. У малодшай групе дыпломамі III ступені ўзнагароджаны Кірыл Сіняк і Варвара Добыш, дыпломы II ступені атрымалі Дар’яКішко і Дар’я Клімец, а дыплом I ступені – у Дар’і Халадковай.
У старэйшай узроставай групе дыплом за трэцяе месца атрымаў Аляксандр Бортнік, за другое – Міраслава Ніканава, за першае – Валерыя Жых.
У “Вясёлай эстафеце” пераможцамі сталі прадстаўнікі Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў, на другім месцы, відавочна, аказалася Новаяльнанская гарадская бальніца.
Ушаноўвалі на свяце тых, хто займаецца прыгожым майстэрствам і стварае шляхам вышыўкі сапраўдныя шэдэўры. Ірына Кунахавец уручыла майстрыхам Падзячныя лісты за актыўны ўдзел у свяце вышыванкі.
Незвычайным на мерапрыемстве стала рыцарскае шоў, якое прадставілі артысты з Мінска. Яны пацешылі гасцей свята аўтэнтычнай музыкай і ўнеслі трохі жывой гісторыі. Прама перад гледачамі паміж рыцарамі разгарнуліся сапраўдныя баі мячамі: хтосьці вярнуўся са шчытом, а хтосьці – на шчыце.
На аплоце Сярэднявечча рыцары запрасілі жадаючых акунуцца ў былыя часы і адчуць сябе героямі гістарычных аповедаў.
На працягу свята працавалі выстава-продаж вырабаў народных майстроў, дзіцячыя атракцыёны, батут, можна было паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі, пачаставацца салодкай ватай, марожаным.
Юлія БАКУНОВІЧ