Жыхарку вёскі Лудзічы Яўгенію Вашко ў яе 80-ы дзень нараджэння з цёплымі віншаваннямі наведалі арганізатары праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” Ганна Харлінская і Ірына Бакшук, а таксама кіраўнік народнага хору ветэранаў “Ветэраны ў страі” Таццяна Шостка.
З падарункам ад аб’яднання да іх далучыўся старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар.
Як аказалася, Яўгенія Вашко вельмі любіць песні і ведае іх незлічоную колькасць, а таму для імянінніцы госці зладзілі невялікі “канцэрт па заяўках”, не абышлося і без танцаў. Вядома ж, пажадалі юбілярцы заставацца яшчэ на доўгія гады здаровай, жвавай, вясёлай, агорнутай клопатам і ўвагай блізкіх людзей.
– Нібыта вярнулася ў маладосць, – так ацаніла музычны падарунак Яўгенія Іванаўна. – Успомніла, як весела раней было ў родным Вензаўцы, якія там ладзіліся танцы і моладзевыя сустрэчы, колькі было равеснікаў. Узгадала і працоўныя гады, калі нас, калгасных паляводаў, вазілі на работу аўтобусам, а мы спявалі. Я і цяпер з вялікай ахвотай гляджу і слухаю музычныя перадачы, вельмі падабаецца “Прывітанне, Андрэй”, а сярод любімых песенных твораў – “Вёсачка мая” і “Усё пройдзе”.
Увогуле, Яўгенія Іванаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо гадавалася ў сапраўдным “кветніку” – малодшай чацвёртай дачкой у сям’і Івана Сцяпанавіча і Любові Ільінічны Нечаёў. Нягледзячы на тое, што бацькі былі простымі калгаснікамі, Жэня атрымала завідную на той час адукацыю – скончыла сямігодку і ў мясцовай майстрыхі вывучылася на швачку, пачала сама прымаць заказы. Праўда, рамяство ў хуткім часе перайшло ў карыснае захапленне, бо далейшыя 28 гадоў жанчына адпрацавала на паляводстве ў калгасе.
З будучым мужам Яўгенія пазнаёмілася таксама дзякуючы свайму няўрымсліваму характару. Цётка Шура, якая жыла ў Кашкалах, сказала, што ў вёсцы будзе вяселле, запрасіла на танцы. Там маладая прыгажуня і сустрэла свайго Анатоля Юльянавіча. Хлопец быў старэйшы за яе, на той час Анатолю споўнілася 29 гадоў, затое абранніцу ён змог пакарыць самастойнасцю і адсутнасцю шкодных звычак. Працаваў муж па першым часе зборшчыкам жывіцы, а калі нарадзіліся дзеці – перайшоў у калгас трактарыстам. Жыла маладая сям’я добра, трымалі вялікую гаспадарку, гадавалі двух сыноў.
Расціслаў цяпер працуе ў Дзятлаве вадзіцелем, Мікалай – у Баранавічах на мэблявай фабрыцы. Яўгенію Іванаўну радуюць чацвёра ўнукаў і праўнучак. Юбілярка расказвае, што яна не абдзелена ўвагай родных людзей, якія бываюць у бацькоўскай хаце амаль кожныя выхадныя, а па буднях спраўляцца па гаспадарцы дапамагае сацыяльная работніца Ганна Максімава. Яна і дроваў прынясе, і вады, і добрае слова скажа. Вёска Лудзічы, на жаль, ужо не такая шматнаселеная, як раней, тым не менш, Яўгенія Вашко стараецца не губляць бадзёрасці духу, спраўляецца з хатнім бытам, цікавіцца навінамі па тэлевізары і рада прымаць гасцей, асабліва калі яны спяваюць любімыя хіты.
Вельмі цёпла і шчыра гаспадыня дзякавала артыстам за віншаванні і душэўныя песні, за тыя добрыя ўспаміны, якія выклікаў іх візіт. Яўгенія Іванаўна ўпэўнена, што яе асабісты сакрэт даўгалецця – менавіта ўменне радавацца жыццю, важкая частка якога прайшла ў вёсцы Лудзічы, а таму ўсё тут нагадвае пра былое. Доўгажыхарка вельмі любіць гэтыя мясціны за іх сціплую прыгажосць, перажывае, што цяпер яны пусцеюць. Маладому пакаленню з пазіцыі жыццёвага вопыту яна жадае, калі нарадзіліся ў сельскай мясцовасці, не пакідаць яе, не збягаць у вялікія гарады, а заставацца на роднай зямлі, каб не зарасталі лясныя і палявыя сцяжынкі, каб па-ранейшаму ў вёсках красавалі кветнікі і сады, гучалі песні, а палеткі радавалі багатымі ўраджаямі.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
Першы ў гэтым годзе восеньскі кірмаш па вуліцы Слонімскай райцэнтра прайшоў 3 кастрычніка і парадаваў…
Восень пафарбавала дрэвы ў жоўты і барвовы колеры, ціха падае лісце, радуюць яркія астры і…
Президент Беларуси Александр Лукашенко подтвердил приверженность интеграции прежде всего на постсоветском пространстве. Соответствующие заявления он…
Немец Франц Райндль избран новым президентом Международной федерации хоккея (IIHF), сообщает БЕЛТА со ссылкой на…
Па добрай традыцыі на Дзятлаўшчыне аднымі з першых прышчапляюцца і падаюць прыклад іншым працоўным калектывам…
Нядаўна аўтапарк раённага Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый папоўніўся новым аўтобусам МАЗ…