У Новаяльнянскім яслі-садзе выхаванцы сустракалі вясну.
Штодня ўключаліся ў гутаркі “Вясна прыйшла”, “Поры года”, гулялі ў гульні “Вясновыя прыкметы”, “Што спачатку, а што потым”, вырашалі праблемныя сітуацыі “Ледзяшы”, “Што схавалася пад снегам”, назіралі за характэрнымі праявамі прыроды вясной. Свае ўражанні ад атрыманай інфармацыі дзеці адлюстроўвалі ў мастацкай дзейнасці: малявалі першыя вясновыя кветкі – пралескі. Таксама прынялі ўдзел у вячорках “Вясна-красна”, дзе чыталі вершы, гулялі, вадзілі вясёлыя карагоды, спявалі разам з жаданым госцем – Буслікам. Беларускія народныя гульні “Блін гарыць”, “Рэдзька” – выклікалі ў выхаванцаў цiкавасць да беларускай народнай творчасці, роднай мовы.
Падчас музычнага падарожжа “Мелодыі вясны” дзеці слухалі беларускую народную мелодыю “Вясна-красна, адкуль прыйшла “, успомнілі прыпеўкі і песні пра вясну, што дазволіла развіваць уменне праяўляць сябе ў музычна-выканаўчай і творчай дзейнасці.
Таксама стала ўжо добрай традыцыяй святкаваць “Масленіцу”. Народныя святы, прысвяткi i абрады – адзiн з адметных выхаваўчых сродкаў, якія дапамагаюць пазнаёміцць дзяцей з народным фальклорам, традыцыямі, культурай свайго народа. Усе з нецярпеннем чакалі гэты дзень: вучылі вершы, рыхтавалі атрыбуты. У канцы тыдня святкаванне Масленіцы прайшло на вуліцы. Беларускія народныя гульні, карагоды, заклікі не давалі сумаваць нікому. Скончылася свята шумнымі провадамі “Масленіцы”. Дзеці развіталіся з зімой песняй-вяснянкай “Жавараначкі, прыляціце” і парадаваліся надыходу вясны.
Л. АНДРЭЕВА,
выхавальнік Новаяльнянскага яслі-сада