Рэспубліканскі і раённы суботнікі аб’ядналі сёння ўсе калектывы арганізацый і прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны ў адной агульнай справе – зрабіць сваю малую радзіму яшчэ чысцейшай і прыгажэйшай. У парадак прыводзяцца тэрыторыі населеных пунктаў, знакавых аб’ектаў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Удзельнікі суботніка падзяліліся сваімі меркаваннямі.

Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка:

– Калектыў наш невялікі, але згуртаваны. Сёння на суботнік выйшлі ўсе, поўным саставам, хто быў на рабочым месцы, разумеючы, што настаў час прыбіраць лісце, яго сёлета шмат, таму аб’ём работ унушальны. Усведамляем, што гэта значная дапамога гораду, калі працуюць усе арганізацыі разам, гуртам. Заўсёды прыемна бачыць вынікі сваёй працы, настрой добры, нягледзячы на сюрпрызы надвор’я.

Андрэй Гоман, намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС:

– Справа гэта патрэбная і важная не толькі для нашага раёна, але і ўсёй Беларусі, таму ўсе добраахвотна з задавальненнем выйшлі папрацаваць, бо кожны свядомы грамадзянін павінен уносіць сваю лепту ў агульную справу дзеля дабрабыту Радзімы.

Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда:

– Сёння прыводзім у парадак стадыён “Колас” і тэрыторыю вакол яго. Тут працуюць супрацоўнікі Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, турінфацэнтра, сектара спорту і турызму. Выкарыстоўваем магчымасць, каб увайсці ў зіму дастойна, з добраўпарадкаваным спартыўным аб’ектам, прыемна будзе паглядзець. Арганізацыя работы на высокім узроўні, на дапамогу нам ёсць тэхніка РУП ЖКГ, і, зразумела, кожны ўзброіўся асабістым інвентаром. Работа, як бачым, спорыцца.

Майстар па добраўпарадкаванні Дзятлаўскага РУП ЖКГ Наталля Скібінская:

– Наш участак – гэта парк Міцкевіча і сквер Дварчаніна. Мы сёння задзейнічалі ўсіх – ад  дырэктара прадпрыемства да дворніка. Забяспечым тэхнікай усе арганізацыі, каб своечасова вывезці смецце. Працуем дружна, спраўна, дажджлівае надвор’е не памеха.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации