Для моладзі, якая прыбывае на першыя працоўныя месцы, не менш важным за сацыяльныя гарантыі, жыллё і аплату працы з’яўляюцца падтрымка калектыву і інстытут настаўніцтва. Ад гэтага ў многім залежыць, ці замацуецца малады спецыяліст ва ўстанове і ў прафесіі.

Такое меркаванне выказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Алена Майсак у час сустрэчы з медыцынскімі работнікамі, якія сёлета прыйшлі працаваць у наш раён.

Удзел у ёй прынялі галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч, адміністрацыя раённай бальніцы і настаўнікі-куратары.

Сёлета сістэма аховы здароўя нашага раёна папоўнілася дзевяццю маладымі спецыялістамі, сярод якіх фельчары, медыцынскія сёстры, памочнікі доктара. За месяц працоўнай дзейнасці яны пазнаёміліся з калектывам і паглыбіліся ў рабочы працэс. У жніўні адбылося мерапрыемства з удзелам кіраўніцтва раёна, у час якой маладыя спецыялісты даведаліся факты пра Дзятлаўшчыну, атрымалі інфармацыю аб ільготах і магчымасцях у розных сферах жыцця. На вераснёўскай сустрэчы ў раённай бальніцы размаўлялі пра першыя крокі ў прафесіі, работу з настаўнікамі і бытавыя ўмовы, прадастаўленыя працадаўцам.

Алена Паўлаўна ўважліва выслухала кожнага з маладых медыкаў, задала пытанні, выказала словы падтрымкі:

– Жадаю вам, дарагія калегі, каб вы ні на хвіліну не сумняваліся ў выбары, які зрабілі ў сваім жыцці. Медыцына – самая высакародная і адна з самых няпростых прафесій. Акрамя прафесіянальных якасцяў, усім, хто тут працуе, трэба мець спагадлівасць, душэўную цеплыню, клапаціцца і дапамагаць людзям. Жадаю, каб на ўсё гэта хапала сіл. Удачы вам, моцнага здароўя, развіцця і прафесійнага росту. Няхай усё задуманае атрымаецца.

Маладыя спецыялісты расказалі аб першых уражаннях, пацыентах і калектыве. Больш за палову з іх – ураджэнцы Дзятлаўскага раёна, але ёсць і тыя, хто прыехаў з іншых.

Дар’я Балакір, медыцынская сястра агульнай практыкі:

– Я сама з аграгарадка Жукоўшчына, была вельмі рада вярнуцца на малую радзіму, цяпер працую ў Дзятлаве. У нас выдатны настаўнік – старшая медыцынская сястра паліклінікі Ала Белая, яна дапамагае і падказвае ва ўсіх пытаннях. Жыллё ёсць, работа падабаецца – усё выдатна.

Марыя Сярэдзіна, загадчыца Вензавецкага ФАПа:

– Так атрымалася, што пачынаю працоўную дзейнасць з адказнага паста. Спраўляюся, бо маю добрую падтрымку: парады па рабоце дае куратар, на месцы заўсёды дапамагае вопытная санітарка Зоя Валанцэвіч. Разам спраўляемся з усімі справамі. Вяду прыём і рэалізую лекавыя сродкі ад нашай цэнтральнай аптэкі. За месяц я пазнаёмілася з участкам, пацыентамі, працоўнымі калектывамі і кіраўніцтвам сельвыканкама.

Таццяна Орсік, фельчар аддзялення хуткай дапамогі:

– Сёлета я скончыла Слонімскі медыцынскі каледж па спецыяльнасці “лячэбная справа”, атрымала дыплом з адзнакай і мела магчымасць выбраць першае месца працы, вярнулася на малую радзіму. Вельмі хацела працаваць у брыгадзе хуткай дапамогі, і мая мара збылася. Прынялі мяне тут выдатна, калектыў дружны. Мне пашчасціла працаваць з вопытным прафесіяналам Ігарам Радомскім, які з’яўляецца ў нашай брыгадзе першым фельчарам. Кожны дзень вучуся ў яго на практыцы, падмацоўваючы атрыманыя ў каледжы веды.  

– Самае важнае ў рабоце другога фельчара – мець трывалыя веды і ўмець карыстацца абсталяваннем, што мая маладая калега робіць выдатна, – дапаўняе Ігар Станіслававіч. – Працуем зладжана, усе мае парады Таццяна Сяргееўна разумее з ходу, што вельмі важна ў аказанні дапамогі пацыентам. Эфектыўнасць сумеснай работы мы паказалі на абласных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства, дзе сталі лепшымі сярод 20-і фельчарскіх брыгад установаў аховы здароўя Гродзеншчыны ў намінацыі “Траўма”.  

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 #нашелучшее #нашалепшае

Предыдущая новость

Похожие публикации