З 12 па 14 верасня ў Гродне праходзіць юбілейная ХХ Рэспубліканская ўніверсальная выстава-кірмаш “Еўрарэгіён “Нёман-2019”, скіраваная на актывізацыю супрацоўніцтва паміж кампаніямі Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, заключэнне дагавораў, продаж спажывецкіх тавараў.

Тут можна пазнаёміцца з прадукцыяй харчовай, хімічнай, машынабудаўнічай, лёгкай прамысловасці. У ліку харчовых тавараў выстаўлены мясныя і малочныя прадукты, прадукцыя сельскай гаспадаркі, спіртныя і безалкагольныя напоі. Дзятлаўшчыну ў Гродне прадстаўляюць ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, філіял “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”.

Дзятлаўскія сыраробы сёлета ладзяць сваю выставу прадукцыі ў складзе ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Гроднамясамалпрам”. Выставачны стэнд “Сырной страны” аформлены ў нацыянальным стылі, ён прываблівае наведвальнікаў яркімі брэндавымі колерамі, жоўтым і сінім, беларускім арнаментам, лялькамі ў народных строях. Для дэгустацыі дзятлаўчане прадставілі даўно знаёмыя спажыўцам сыры, якія карыстаюцца высокім попытам у пакупнікоў. Гэта сыр “Gouda” 45 % тлустасці і сыр “Расійскі экстра малады” 50 % тлустасці. Наведвальнікі выставы таксама могуць атрымаць буклеты і каталогі прадукцыі “Сырной страны”. Спецыялісты ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” спадзяюцца, што ўніверсальная выстава-кірмаш “Еўрарэгіён “Нёман-2019” дапаможа пазнаёміцца з новымі гандлёвымі кампаніямі і дасць магчымасць у далейшым заключыць новыя кантракты.

Ірына СТЫРНІК       

Похожие публикации