Няхай свет стане дабрэйшы

Дабрачынную валанцёрскую акцыю “Акіян магчымасцей дапамагчы” правялі выхаванцы старэйшай групы дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, наведаўшы Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дзеці пазнаёміліся, танцавалі, гулялі разам. З пажаданнямі здароўя, пазітыву і добрага настрою выхаванцы сада ўручылі сваім новым сябрам памятныя сувеніры.
Мы розныя, але мы разам!

Настаўнікі і вучні Казлоўшчынскай сярэдняй школы сталі ўдзельнікамі раённай акцыі “Свет дабра”. На працягу тыдня талерантнасці яны папаўнялі стэнд “Код дабрыні: расшыфруй сябе”, прынялі ўдзел у майстар-класе “Падарунак з сэнсам”, у час якога вучні 5 “А” і 3 класаў зрабілі сюрпрызы і ўручылі пры сустрэчы сваім аднакласнікам, якія атрымліваюць адукацыю дома. У час валанцёрскай акцыі “Акіян магчымасцей дапамагчы” члены ГА “БРПА” і ГА “БРСМ” арганізавалі і правялі сумесныя гульні ў 1 і 5 “А” класах інтэграванага навучання і выхавання. Працавала творчая майстэрня, дзе вучні з настаўнікамі рыхтавалі падарунак сябру і збіралі “Гірлянду сяброўства”.
“Я магу!”

Пад такой назвай у рамках Дня ўзаемадзеяння з сям’ёй у гімназіі № 1 горада Дзятлава адбыўся фестываль дзіцячай творчасці. Навучэнцы паказвалі свае ўменні ў дэкламаванні вершаў, вакале, сучасным танцы і канферансье. Кожны нумар адлюстроўваў індывідуальнасць і творчасць дзяцей, іх жаданне самарэалізавацца і падзяліцца сваім талентам з навакольнымі. Напрыканцы фэсту сваім аптымізмам падзялілася каманда КВЗ “Зумеры на мінімалках”.
Пазнавальнае падарожжа
Навучэнцы пачатковых класаў Круцілавіцкай базавай школы пабывалі на экскурсіі ў горадзе Лідзе. Яны наведалі Лідскі замак, гістарычныя мясціны горада, помнік князю Гедыміну, Міхайлаўскі сабор.

Затым адправіліся ў Цэнтр бяспекі МНС. Дзеці паўтарылі правілы пажарнай бяспекі і дарожнага руху, паводзінаў каля вадаёмаў у зімовы перыяд, патрэніраваліся тэлефанаваць у службу выратавання, пабывалі ў “задымленым” памяшканні, рашалі сітуацыйныя заданні.
Духоўная дарога да сэрца

Навучэнцы Хвінявіцкай сярэдняй школы сумесна з протаіерэем Мікалаем Пінчуком, настаяцелем Накрышскага Свята-Барыса-Глебскага храма, адправіліся на экскурсію па праваслаўных храмах раёна. Яны наведалі знакавае месца для Накрышскай парафіі, дзе была пабудавана ў XVII стагоддзі першая царква. На гэтым месцы цяпер узведзены праваслаўны крыж. Затым – Накрышскую Свята-Барыса-Глебскую царкву, даведаліся пра гісторыю яе стварэння, архітэктурныя асаблівасці, традыцыі праваслаўя, пазнаёміліся з унутраным убраннем храма, іканастасамі і святымі абразамі.
Пры наведванні царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Дварэц і царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў гарпасёлку Наваельня ўпэўніліся, што кожная царква валодае ўнікальнай архітэктурай і багатым унутраным убраннем, змаглі не толькі ўбачыць старажытныя іконы і рэлігійныя рэліквіі, але і адчуць асаблівую атмасферу малітвы і спакою.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga