Эстафета добрых спраў працягваецца
Члены валанцёрскага атрада “Добрыя сэрцы” Раклевіцкай базавай школы ўключыліся ў акцыю “Нашы дзеці”. Яны прынялі ўдзел у конкурсах на лепшае ўпрыгожванне ўстановы адукацыі, “Калядная зорка”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Упрыгожаны класныя пакоі рознакаляровымі гірляндамі, падвескамі, навагоднімі фігурамі, а школьная тэрыторыя аформлена святочнай ілюмінацыяй.
У касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі валанцёры завіталі ў дашкольную групу. Для сваіх малодшых сяброў падрыхтавалі забаўляльную праграму “Навагоднія цуды”: гулялі ў гульні, адгадвалі загадкі, танцавалі, а таксама ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам падарункі.
“Мы разам! І мы адзіныя!”
У рамках акцыі “Нашы дзеці” ў дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава прайшлі навагоднія мерапрыемствы: сустрэчы з казачнымі героямі пры ўдзеле супрацоўнікаў Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі, наведванне музея, правядзенне ранішнікаў сумесна з навучэнцамі педагагічнага класа сярэдняй школы № 3 райцэнтра, святочная сустрэча з дзецьмі, якія не наведваюць дзіцячы сад пастаянна.
Гасцямі ўстановы адукацыі сталі і работнікі Дзятлаўскага лясгаса. Згодна з сумесным планам работы дашкольнага лясніцтва “БаравічОК” адбылося святочнае навагодняе мерапрыемства “Мы разам! І мы адзіныя!”. Выхаванцы прадэманстравалі свае веды па беражлівым стаўленні да прыроды, удакладнілі ў работнікаў лясгаса, чаму нельга секчы ялінку да свята ў лесе, дзе можна набыць навагоднюю прыгажуню. Разам яны вадзілі карагоды, спявалі песні, гулялі ў гульні. Прыемным сюрпрызам для ўсіх стаў прыход Дзеда Мароза і Снягуркі, салодкія прысмакі для дзетак і падарункавы сертыфікат ад Дзятлаўскага лясгаса. Кожны работнік прадпрыемства таксама атрымаў святочную паштоўку, зробленую рукамі выхаванцаў, і выдатны настрой.
Адміністрацыя Казлоўшчынскага дзіцячага сада таксама далучылася да дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Разам з Дзядулем Марозам наведалі сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, уручылі ім падарункі і памятныя сувеніры.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga