Новы магазін філіяла “Скідзельская птушкафабрыка” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” расчыніў свае дзверы для пакупнікоў у аграгарадку Дварэц. Знаходзіцца ён на тэрыторыі Дварэцкага льнозавода, але зрабіць пакупкі тут могуць усе жадаючыя. У Дзятлаўскім раёне даўно ведаюць і любяць якасныя мясныя вырабы гэтага вытворцы. Цяпер у магазіне “Акуратнік” можна будзе ў любы час набыць прадукцыю філіяла: ад свежага мяса куранят-бройлераў да паўфабрыкатаў і гатовых вырабаў з мяса птушкі, свініны і шпіка.
Назва “Акуратнік” выбрана не выпадкова і заснавана на гульні слоў: “куратнік” падкрэслівае асноўную канцэпцыю – продаж свежых і якасных прадуктаў, а асацыяцыя з “акуратны” сімвалізуе чысціню, парадак і ўвагу да дэталяў – менавіта такі падыход да вытворчасці ў прадпрыемства.






З прыемнай падзеяй мясцовых жыхароў павіншаваў першы намеснік генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі холдынга “Гроднамясамалпрам” Аляксей Трыдзенежкін:

– Упэўнены, што сёння знакавае і значнае мерапрыемства для Дварца. Гэта ўжо дваццаты магазін філіяла “Скідзельская птушкафабрыка” і трэці – дадзенага фармату. У верасні мы адкрывалі такі ж магазін у горадзе Ваўкавыску, які за кароткі час зарэкамендаваў сябе як запатрабаваны суб’ект гандлю і знайшоў шмат пастаянных пакупнікоў. Дарэчы, у холдынга “Гроднамясамалпрам” ужо 165 фірменных магазінаў па ўсёй краіне, 20 – агракамбіната “Скідзельскі”. Хачу пажадаць вашаму “Акуратніку” бясконцых чэргаў, прыбытковага гандлю, а пакупнікам дастойнага абслугоўвання і прыемных пакупак.


– Цудоўна, што ў нашым раёне адкрыўся такі гандлёвы аб’ект, – адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. – Гандаль – гэта рухавік эканомікі, на Дзятлаўшчыне працуе больш за 200 гандлёвых аб’ектаў, і новыя ніколі не будуць лішнімі. Гэта камандная работа кіраўніцтва Дварэцкага льнозавода, холдынга “Гроднамясамалпрам”, агракамбіната “Скідзельскі”. Выказваю словы ўдзячнасці нашым мецэнатам, што яны маюць жаданне і магчымасць рабіць такія добрыя сацыяльна значныя справы для людзей. Прадукцыя агракамбіната “Скідзельскі” заўжды дастойная, упэўнены, будзе карыстацца папулярнасцю ў пакупнікоў.

– Калісьці на сходзе я паабяцаў свайму калектыву, што адкрыем магазін. Сваё абяцанне выканаў, і выказваю падзяку за падтрымку Дзмітрыю Капко, холдынгу “Гроднамясамалпрам” і нашаму раённаму кіраўніцтву. Дзякуй за работу, – падкрэсліў дырэктар ААТ “Дварэцкі льнозавод” Аляксей Зелянуха.

Генеральны дырэктар ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Дзмітрый Капко далучыўся да выступоўцаў і заўважыў, што “Акуратнік” – гэта новы брэнд, яго запланавалі ў мінулым годзе, і ён удаўся.
– Мы хацелі падкрэсліць, наколькі вялікая ў нас акуратнасць у тэхналогіі і вытворчасці. У магазіне шырокі выбар прадукцыі, шмат навінак, брэндаў, якія заваёўваюць прызавыя месцы на розных выставах, конкурсах. Таму за якасць і смак я ручаюся, ды і цэны ў нас ніжэйшыя, чым у канкурэнтаў. Прыемных усім пакупак і няхай кожны заўжды знойдзе той прадукт, які будзе радаваць на стале, – дадаў Дзмітрый Міхайлавіч.


Пад дружныя апладысменты была перарэзана чырвоная стужка, і першыя пакупнікі змаглі зайсці ў магазін “Акуратнік”. Каб лепш вызначыцца з выбарам, для жадаючых ладзілася дэгустацыя фірменнай мясной прадукцыі. Госці змаглі ацаніць смак і якасць шырокага асартыменту.



Ксенія і Арцём Ліпніцкія аднымі з першых прыйшлі на адкрыццё гандлёвай кропкі:
– Ужо паспрабавалі мясныя прысмакі, усё вельмі смачна. Мы працуем на Дварэцкім льнозаводзе і з нецярпеннем чакалі, калі пачне працаваць магазін. Нам будзе вельмі зручна, бо можна выйсці з работы і тут жа блізка набыць неабходныя прадукты дадому. Спадабалася, што асартымент вялікі, будзем прыходзіць сюды пастаянна.

– Для работнікаў завода вельмі зручна, што ёсць свой магазін, – адзначылі Святлана і Ганна. – Радуе шырокі выбар тавараў, прыемныя цэны. Для нас, як гаспадыняў, добра, што ёсць не толькі гатовая прадукцыя, але і свежае мяса, а таксама розныя крупы, выпечка. Ды і куры-грыль – навінка для нашага аграгарадка, думаем, яны будуць карыстацца попытам.

Работнікі льнозавода Юрый, Мікалай і Аляксандр расказалі, што прыязджаюць на працу з Наваельні, і ў магазіне, які знаходзіцца побач, ім будзе вельмі зручна рабіць пакупкі. Нават у абедзенны перапынак можна нешта купіць перакусіць, тым больш што многія мясныя далікатэсы яны ўжо паспрабавалі і ацанілі.







Дарэчы, “Акуратнік” – гэта не проста магазін, гэта частка філасофіі прадпрыемства, якое імкнецца да акуратнасці і ўвагі на кожным этапе вытворчасці, пачынаючы ад адбору сыравіны і заканчваючы сэрвісам для пакупнікоў. Скідзельская птушкафабрыка пастаянна працуе над распрацоўкай новых прадуктаў, каб адпавядаць чаканням спажыўцоў.
Адкрыццё новага магазіна – важны крок для прадпрыемства, які дазваляе зрабіць якасную прадукцыю яшчэ больш даступнай для жыхароў рэгіёна. Кожны пакупнік застанецца задаволены шырокім асартыментам і высокай якасцю прадукцыі.Святлана ГРЫШЫНА
















Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее