Сэрцы Шчара на тры дні паланіла

Адолець за тры няпоўныя дні на байдарках 26 кіламетраў сплаву па рацэ Шчара, аддаць даніну памяці загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны і пахаваным у гэтых мясцінах – такую турысцкую мэту перад сабой паставілі аб’яднаныя адной ідэяй дзве дзятлаўскія сям’і Ёдаў і Петрыкевічаў.

Каманда, варта зазначыць, сабралася “разнамасная”: трое мужчын, сярод якіх “дзядок” з актывам у паўтары сотні водных падарожжаў рознай складанасці, трое дзяцей, дзве жанчыны, у тым ліку наваяўленая турыстка, якая ўпершыню садзілася ў байдарку.

Галоўнай мэтай гэтай вандроўкі была распрацоўка эталоннага воднага маршруту па рацэ Шчара ў межах Дзятлаўскага раёна для пачаткоўцаў з апісаннем турысцкіх аб’ектаў, мемарыяльных і археалагічных помнікаў, адметных куткоў прыроды, а таксама вызначэнне лепшых месцаў для абсталявання ў будучым зручных стацыянарных турысцкіх стаянак. Не менш важным было на практыцы вучыць дзяцей паводзінам на прыродзе, прывіваць ім любоў да малой радзімы і ўменне знаходзіць цікавае ў простым.

Вандроўка стартавала ў Гарадках у другой палове дня 19 чэрвеня. Паколькі сёлета – 75-годдзе Вялікай Перамогі, найперш ушанавалі памяць спаленых і расстраляных фашыстамі жыхароў вёсак Трахімавічы і Вялікая Воля, усклалі кветкі да іх пахаванняў, наведалі зямлянкі часоў вайны, якія знаходзяцца ў мясцовых лясах.

На гранітнай пліце, умураванай у стэлу, прозвішчы расстраляных жыхароў Вялікай Волі, шмат аднолькавых – Гародкаў, Ерамейчыкаў, Лагуцікаў, Саўчыцаў, Цярэшкаў. Ад мемарыяла да берага Шчары праз вёску, а далей па лясной дарозе прыкладна кіламетр шляху. А там, ва ўрочышча Дубкі, дзе не так даўно вярнуўся на малую радзіму пасля службы за межамі Беларусі былы вайсковец-афіцэр Аляксей Лагуцік. З дапамогай лясніцтва зрабіў альтанку-навес, два сталы, лаўкі, усталяваў мангал. Дно ракі ў гэтым месцы пясчанае, глыбіня – невялікая, бераг – не зарослы трыснягом: зручна загружаць і выгружаць сродкі сплаву, купацца, вудзіць рыбу, удосталь сухіх дроў, а для намётаў – роўная прасторная паляна, акаймаваная велічнымі дубамі.

Нас уразіла цішыня. Тэмпература паветра набліжалася да плюс 30, вады – да 23-24 градусаў. Лунаў водар хваёвага бору. Рапрам, пачаўся праліўны дождж на 10-12 хвілін, ён асвяжыў нас і паветра. Усё гэта прымусіла аднесці старт на наступны дзень і змяніць план дзённых пераходаў.

Вольны вячэрні час выкарысталі для трэніровак на вадзе і наладжвання больш цеснага паразумення ў экіпажах, купаліся, вудзілі рыбу, спявалі пад гітару ля вогнішча. Гітару прыхапіў з сабой Дзмітрый Ёда. Ён спяваў, а ўсе астатнія падпявалі яму. Назаўтра Дзмітрыя Казіміравіча таксама чакала шмат справаў. Трэба было весці хранаметраж, апісанне цікавых аб’ектаў, фатаграфаваць і многае іншае.

Вось і сплаў. Два нашы байдарачныя экіпажы былі адметнымі: першы ўтварылі дзеці (брат і сястра), другі – жанчыны. З улікам таго, што ўсе 26 кіламетраў шляху мы вырашылі прайсці за адзін дзень, такі падзел быў крыху авантурным з-за недастатковай фізічнай падрыхтоўкі гэтых экіпажаў.

Хуткасць плыні на Шчары – каля трох кіламетраў у гадзіну, столькі ж можна дабавіць за кошт павольнага веславання. Сталі на ваду прыкладна ў 10 гадзін. Праз кожныя 40-50 хвілін на пясчаных водмелях рабілі невялікія перапынкі для купання. Да вялікага абедзеннага прыпынку адолелі звыш 15 кіламетраў. Смачны абед, сонца, вада, ды і пройдзены адрэзак шляху непрыкметна абяссілілі самы юны экіпаж. Пачаліся спрэчкі, запаволіўся ход. Падбадзёрвалі іх, як маглі. Апошнія кіламетры, сціснуўшы зубы, веславала толькі Даша. Але ўся каманда справілася з пастаўленай задачай, і на 5-6 хвілін раней за іншых аматараў падарожжаў занялі больш-менш абсталяваную сталом і навесам стаянку паміж Малой і Вялікай Волямі.

Праз пару гадзін, разбіўшы бівак, пакупаўшыся і павячэраўшы, амаль забыліся пра стомленасць. Хто пайшоў ставіць донкі, хто рыбачыць вудамі, хто шукаць суніцы. Спаць ляглі апоўначы. Добраму сну спрыяў начны дождж. Спалі доўга, таму і “праваронілі” адну донку, якую заблытаў і парваў, напэўна, ладны шчупак. Затое другая снасць “падарыла” рыбу і радасць усім: шчупак, хоць і невялікі, але з дзвюма плоткамі, тузінам верхаводак далі цудоўны навар, і нарэшце, пад канец паходу, усім удалося пакаштаваць юшкі, пра якую марылі, як толькі ўбачылі Шчару.

Пасля паходу напрошваецца выснова, што маршрут ад Гарадкоў да Вялікай Волі па Шчары лепш праходзіць за два дні асабліва, калі ў складзе групы ёсць дзеці. Акваторыю ракі аблюбавалі лебедзі: на сваім шляху мы сустрэлі больш за дзясятак пар. Паверхня вады некаторых старыцаў пакрыта сотнямі кветак – белых чырванакніжных гарлачыкаў. Беражыце іх, любуйцеся з вады. У час падарожжа бачылі саву, дзясяткі дзікіх качак з вывадкамі, бабра і бабровыя хаткі, буслоў, шэрых і белую чапляў. У прыбярэжных вёсках там-сям адбудоўваюцца шыкоўныя дачы. Магчыма, прыйдзе час, і пачнецца працэс вяртання людзей з гарадоў у родныя мясціны, на малую радзіму.

А мы яшчэ доўга будзем успамінаць, як нас на тры дні “ўзяла ў палон” сваёй непаўторнай прыгажосцю рака-партызанка Шчара.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
краязнаўца, турыст-воднік

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

administrator

Recent Posts

Нам неабходна быць адзінымі

У рамках Адзінага дня інфармавання намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Вадзім Бялятка сустрэўся з жыхарамі…

22 минуты ago

Адзіны дзень інфармавання. Ад кібератак да правілаў на дарогах і стану эканомікі

16 ліпеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання з удзелам некалькіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні…

34 минуты ago

Дзятлаўшчына стане тэмай першага выпуска новага тэлепраекта

Дзятлаўскі раён стане першым у цыкле тэлеперадач тэлеканала “ВоенТВ” з рабочай назвай “У добры шлях”,…

21 час ago

Адзін дзень са студатрадам

Практыка ў раённай газеце – гэта новыя эмоцыі штодня. За два тыдні мне прыйшлося паспрабаваць…

22 часа ago

Карыстайцеся інтэрактыўнай картай “аднаго акна”

Для ажыццяўлення агульнай каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службы “адно акно” Міністэрствам юстыцыі распрацавана…

23 часа ago

Пытанне – адказ. Якія лішкі з агарода можна здаць у нарыхтоўку?

Дзятлаўчане цікавяцца: ці прымае сёлета Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства сезонную прадукцыю ад фізічных асоб і…

24 часа ago