Самы надзейны спосаб праверыць, што ты можаш дасягнуць вяршынь – паспрабаваць зрабіць самы цяжкі: першы ўпэўнены крок да перамогі. І спорт таму не выключэнне.

Спартсмен з Дзятлава Арцём Урбановіч стаў пераможцам Кубка Еўропы па кіакушынкай каратэ “Kyokushin Karate European Cup”, які быў арганізаваны Нацыянальнай спартыўнай Федэрацыяй каратэ кіакушынкай IKO Малдовы і праходзіў у Кішынёве.

Выступаючы ў вагавой катэгорыі да 75 кг, Арцём правёў тры баі. У фінале ён сустрэўся са спартсменам з Польшчы.

– Арцём, віншуем цябе з перамогай! Раскажы, як ты пачынаў свой шлях у спорце?

–  Спортам, а менавіта каратэ, пачаў займацца з 8 гадоў. Прыйшоў у гэты від баявога майстэрства выпадкова. Аднойчы з сябрам за кампанію вырашыў прыйсці на трэніроўку. Спачатку назіраў за тэхнікай баёў спартсменаў, затым паспрабаваў сам. З першых заняткаў адчуў, што атрымліваецца, гэта заўважыў і мой першы трэнер. Прапанову запісацца ў секцыю і пачаць актыўна трэніравацца ўспрыняў з ахвотай, паралельна працягваў займацца футболам. Праз паўгода стаў адным з лепшых спартсменаў у секцыі кіакушынкай каратэ.

– Хто твой трэнер па кіакушынкай каратэ?

– Вялікую ролю ў маім станаўленні адыграў мой першы трэнер Максім Максімаў. Ён развіў ува мне цікавасць да гэтага віду баявога майстэрства, дапамог дасягнуць першых вяршынь.  Я яму вельмі за гэта ўдзячны. На дадзены момант я трэніруюся ў Дзмітрыя Вараб’я, трэнера спартыўнага клуба “Самурай” у Мінску. Ён з’яўляецца вядучым спартсменам, вельмі мудры настаўнік. Я марыў трэніравацца менавіта ў яго, таму і выбар працягнуць вучобу ва ўніверсітэце фізічнай культуры ў Мінску напрамую залежаў ад гэтага жадання.

–  Ведаю, што пэўны час ты сам трэніраваў дзяцей.

–  Рэгулярна трэніраваць дзяцей я пачаў з дзясятага класа, нягледзячы на ўласную падрыхтоўку да спаборніцтваў і падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ. Мне падабалася  працаваць з дзецьмі. Да кожнага стараўся знайсці індывідуальны падыход. Для таго,  каб пачынаючы спартсмен застаўся ў гэтым няпростым відзе адзінаборства і не пакінуў секцыю праз год, трэба было прыкласці шмат намаганняў.

– Раскажы пра чэмпіянат Еўропы, на якім заняў першае месца. Як табе дасталася гэта перамога?

– Спаборніцтвы праходзілі ў Кішынёве. Я выступаў ва ўзроставай групе юніёраў 16-17 гадоў, у катэгорыі да 75 кілаграмаў. Правёў тры баі. Ні з адным са сваіх сапернікаў раней мне сустракацца не даводзілася. У першым баі з каратыстам з Украіны  перамогу атрымаў датэрмінова. Затым была сустрэча з каратыстам з Расіі, тут перамогу  атрымаў па рашэнні суддзі. А ў фінальным баі змагаўся з каратыстам з Польшчы.

Адзначу, што гэта не першы чэмпіянат такога ўзроўню ў маёй спартыўнай кар’еры. Выступленнем я цалкам задаволены. Доўга і  старанна рыхтаваўся да гэтага чэмпіянату, выкладваўся па поўнай. Аднак падобныя спаборніцтвы на чэмпіянаце Еўропы можна лічыць апошнімі  ў маёй кар’еры – хутка мне спаўняецца 18 гадоў, і сярод юніёраў я ўжо выступаць не змагу. Вельмі рады, што перамога і кубак чэмпіёна Еўропы ўсё ж такі ў скарбонцы маіх дасягненняў, доўга я да яе ішоў.

– Якія яшчэ дасягненні на тваім рахунку?

– Я  маю першую майстарскую ступень – чорны пояс першы дан. Актыўна выступаю на розных рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. Перамог шмат, і яны розныя, адразу ўсе не ўзгадаеш.

Якія якасці ты выхаваў у сабе за даволі працяглы перыяд трэніровак кіакушынкай каратэ?

– Асноўным пастулатам усходніх адзінаборстваў з’яўляецца самадысцыпліна. Дзякуючы каратэ, я і набыў гэту якасць, а яшчэ цвёрдасць характару, стараннасць. Кіакушынкай надзяліў мяне моцным духам, вынослівасцю, незгасальным жаданнем дамагацца пастаўленых задач, навучыў не спыняцца на дасягнутым, быць мужным і духоўна моцным.

– Што з’яўляецца матывацыяй перад выхадам на татамі?

– Самая галоўная мая матывацыя – гэта падтрымка і гонар маіх бацькоў і маіх дарагіх трэнераў, сяброў – тых, хто верыў і працягвае верыць у мае сілы і моц, у маю будучыню. Безумоўна, гэту перамогу я прысвячаю і ім.

– А як бацькі адносяцца да таго, чым ты займаешся?

– Станоўча. Яны выступаюць свайго роду спонсарамі, памочнікамі, актыўнымі балельшчыкамі, дапамагаюць мне ў дасягненні мэтаў і новых вяршыняў.

– Арцём, табе ўсяго 17, а ты ўжо паспрабаваў сябе ў ролі трэнера, вучышся ва ўніверсітэце, актыўна трэніруешся, выступаеш на спаборніцтвах. Як усё паспяваеш?

– Усё проста: гэта сістэма, штодзённы рэжым. Неабходна дакладна ведаць, для чаго гэта ўсё робіцца. Разам з тым, я заўсёды імкнуся развівацца ў розных аспектах і  выпрацаваў для сябе правіла: ніколі не стаяць на месцы.

– Што б ты параіў  нашым чытачам, юным спартсменам, якія толькі прыйшлі ў спорт?

– Штодзённа трэніравацца, як бы цяжка ні было і які б лад жыцця ні вёў – займацца абавязкова, не трэба імкнуцца стаць лепшым на ўсіх спаборніцтвах. Для спартсменаў скажу так: ніколі не адступаць і не здавацца, як бы цяжка ні было.

– Падзяліся сваімі планамі на будучыню?

– Працягнуць вучобу ва ўніверсітэце, па-ранейшаму актыўна трэніравацца, дасягаць майстэрства, планую прыняць  удзел у спаборніцтвах на Адкрытым чэмпіянаце па кіакушынкай каратэ ў Расіі і Адкрытым чэмпіянаце Іспаніі ў Барселоне. Калі мне споўніцца 18 гадоў,  паспрабую свае здольнасці на Чэмпіянаце  Беларусі.

– Што неабходна, каб быць першым? Тры найбольш важныя аспекты на твой погляд.

– Каб быць першым, трэба жаданне, мэтанакіраванасць і, вядома ж, добры трэнер. У нашым відзе барацьбы поспехаў дамагаецца, як правіла, той, хто здольны ўпарта працаваць на трэніроўках, нават праз “не магу”. Кіакушын наогул – для працавітых, праз працу тут можна шмат дасягнуць, стаць вядомым чэмпіёнам.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота з уласнага архіву Арцёма Урбановіча

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці
Працуюць тэлефоны гарачай лініі

Похожие публикации