На базе Дзятлаўскага раёна адбылося выязное пасяджэнне Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, абласнога савета ветэранаў працы галіны, старшыняў райкамаў, гаркамаў. Госці даведаліся аб рабоце Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза і раённага савета ветэранаў працы галіны.

У фае і актавай зале сярэдняй школы №1 горада Дзятлава для ўдзельнікаў сустрэчы была арганізавана выстава матэрыялаў з вопыту работы  пярвічных прафсаюзных арганізацый з ветэранамі галіны і сценгазет з віншаваннямі для педагогаў-юбіляраў гэтага года, а таксама выстава творчасці ветэранаў педагагічнай працы.
Пасяджэнне адкрыла старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі В. В. Грышэчка, якая азнаёміла прысутных з павесткай дня і пажадала плённай працы.

Гасцей павітаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама І. С. Кухарэвіч. Ён расказаў, як развіваўся раён у апошнія гады, што новага тут з’явілася. Ігар Станіслававіч зазначыў, што на Дзятлаўшчыне вялікая ўвага надаецца развіццю сацыяльнай сферы, асабліва ахове здароўя і адукацыі. Сярод дасягненняў педагогаў раёна і іх выхаванцаў — удзел і прызавыя месцы ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выставах, канферэнцыях, алімпіядах, творчых крнкурсах. Ганарыцца раён і ветэранамі педагагічнай працы, многія з якіх займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю і з задавальненнем дзеляцца прафесійным вопытам з маладымі калегамі.
Начальнік аддзела кадравай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Т. Б. Зайко расказала, што на Гродзеншчыне жыве каля 14 тысяч ветэранаў педагагічнай працы, трэцяя частка з якіх прадаўжае працаваць. Многія гэтыя людзі — заслужаныя работнікі, выдатнікі адукацыі, якія шмат гадоў аддалі навучанню і выхаванню дзяцей. Моладзі сёння важна пераймаць у іх вопыт, не менш важна не абыходзіць увагай тых, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, каб яны адчувалі сябе па-ранейшаму запатрабаванымі.

З гэтай думкай поўнасцю згодны старшыня Гродзенскага абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы У. А. Гаўрон. Уладзімір Антонавіч расказаў, як абласны савет ветэранаў супрацоўнічае з Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі па актывізацыі дзейнасці пярвічных ветэранскіх арганізацый. На яго думку, самае галоўнае ў рабоце з ветэранамі працы — не быць раўнадушным да справы, якой займаешся. На Дзятлаўшчыне, дарэчы, нераўнадушных актывістаў шмат — Р. А. Ганчарэвіч, Я. Р. Савань, Т. У. Крывеня, Г. С. Урбановіч, В. І. Русіна, Т. М. Красюк. Работу верэранскіх арганізацый нельга разглядаць асобна ад работы прафсаюза, які аказвае ў тым ліку і фінансавую падтрымку для арганізацыі сустрэчаў, экскурсій, мерапрыемстваў.
Узгадаў Уладзімір Антонавіч і гады сваёй работы загадчыкам Дзятлаўскага раённага аддзела адукацыі, назваў імёны ветэранаў працы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны, — М. М. Няволіну, Р. А. Ганчарэвіч, Н. Р. Буйко, Л. В. Саванец, Н. В. Вілісаву, Н. Р. Мілейка, Н. А. Варабей, Я. А. Кійко, Л. К. Грэйню, А. М. Чурыла.

Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. Б. Фабішэўскі падзяліўся з гасцямі вопытам арганізацыі работы з ветэранамі галіны. Ён расказаў, што раённая ветэранская арганізацыя была створана на Дзятлаўшчыне шэсць гадоў таму. За час свайго існавання займела пэўныя традыцыі, важнейшая з якіх — сустрэча ветэранаў галіны напярэдадні прафесійнага свята, віншаванне педагогаў-юбіляраў. А са студзеня 2016 года ў 18 установах адукацыі раёна створаны свае ветэранскія пярвічкі. За кожным ветэранам, які жыве на Дзятлаўшчыне замацаваны шэфы. Станіслаў Баляслававіч упэўнены, што памятаць трэба пра кожнага чалавека, толькі ў гэтым выпадку работа будзе мець станоўчыя вынікі.

Аб тым, што сумесная работа Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў педагагічнай працы і галіновага прафсаюза сапраўды дае плён, што ў раёне наладжана дзейнасць пярвічных ветэранскіх арганізацый расказала старшыня Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў працы галіны Р. А. Ганчарэвіч. Раіса Аляксандраўна прывяла шмат прыкладаў, як на Дзятлаўшчыне настаўнікаў-пенсіянераў шануюць і паважаюць, расказала аб традыцыйных штогадовых сустрэчах напярэдадні прафесійнага свята, падтрымцы ветэранаў працы ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, шэфстве над імі ўстановаў адукацыі, нефармальных аб’яднаннях па інтарэсах.
Намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў працы галіны Я. Р. Савань зазначыла, што дэвіз раённай ветэранскай арганізацыі: “Не пакідаць без увагі ніводнага педагога-ветэрана”, таму на кожнага пенсіянера тут заведзены ўліковыя карткі, створаны актуальны банк даных, які пастаянна аднаўляецца. Таксама вядзецца ўлік добрых справаў, настаўнікаў-ветэранаў віншуюць з днямі нараджэння, юбілеямі.
Аб тым, як наладжана работа з ветэранамі працы ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава, расказалі дырэктар установы Н. С. Белавус і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Н. Б. Якабчук.

IMG_5758  IMG_5746 IMG_5750 IMG_5754

IMG_5744IMG_5748 IMG_5756

Другая частка сустрэчы прадугледжвала творчыя прэзентацыі аматарскіх аб’яднанняў ветэранаў. Р. У. Лакіза расказала гісторыю стварэння нефармальнага аб’яднання “Поэзия — души движенье”, пачытала свае вершы. Удзельнікі аб’яднання “Песня — душы тварэнне” па-майстэрску выканалі некалькі музычных твораў. Пасля гэтага ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў аграгарадок Дварэц, дзе пабылі на пасяджэнні міжгаліновага клуба ветэранаў працы “В кругу друзей” (кіраўнік В. І. Скок). У гарадсім пасёлку Наваельня госці наведалі школу, ад дырэктара М. Я. Лашкоўскай, старшыні прафкама В. А. Юшкевіч, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Т. У. Крывеня даведаліся, як тут наладжана работа з ветэранамі працы, а таксама пабылі ў народным музеі “Дзеці ліхалецця”, кіраўніком якога з’яўляецца Т. У. Крывеня. Тамара Уладзіміраўна расказала шмат цікавага пра работу пярвічнай арганізацыі, падзялілася планамі надалей.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА  

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации