Абмяркоўваем праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, раздзел “Паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва” па павышэнні якасці адукацыі з кіраўніком структурнага падраздзялення райвыканкама – начальнікам аддзела адукацыі Наталляй Белаус:

– Радуе, што пытанням адукацыі ў Беларусі надаецца пільная ўвага. Праектам Праграмы вызначана, што сучасная школа павінна сфарміраваць мэтанакіраваную, працавітую, усебаковаразвітую, канкурэнтаздольную, мабільную асобу, патрыёта сваёй краіны, ад якой у будучым залежыць эканамічны, палітычны, сацыяльна-культурны росквіт Беларусі.

Безумоўна, гэты працэс пачынаецца ўжо з дашкольнай адукацыі і прадаўжаецца як у гімназіях і ліцэях, так і ў звычайных школах. Упэўнена, што гнуткасць і мадыфікацыя школьных праграм і планаў дазволіць пабудаваць адукацыйную траекторыю кожнага дзіцяці.

Ужо цяпер па запытах навучэнцаў і іх бацькоў (законных прадстаўнікоў) адкрываюцца профільныя класы і групы педагагічнай, спартыўна-педагагічнай, спартыўнай, аграрнай і патрыятычнай накіраванасці, профільныя класы з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні, а таксама факультатыўныя заняткі (у тым ліку і міжшкольныя), аб’яднанні па інтарэсах. Для фарміравання фінансава-эканамічнай адукаванасці дзейнічаюць бізнес-кампаніі.

Сёння, аналізуючы вытворчыя працэсы, назіраючы за тым, як развіваецца эканоміка, прамысловасць, інфармацыйная прастора, усе мы разумеем, што важным вектарам з’яўляецца развіццё даследчых уменняў, уяўленняў аб прадпрымальніцтве, вынаходніцтве. Адназначна, усяму гэтаму будуць спрыяць класы тэхніка-тэхнічнай накіраванасці.

Вялікая роля ў гэтым кірунку адводзіцца стварэнню сучаснага адукацыйнага, практыка-арыентаванага асяроддзя – эксперыментальных пляцовак, лабараторый, вопытных участкаў. Гэта дасягаецца праз пастаўку інтэрактыўных комплексаў, мультыбордаў, сучасных камп’ютарных класаў і аснашчэнне навучальных кабінетаў сучаснымі сродкамі і абсталяваннем. У рэспубліцы да 2025 года не менш за 80 % устаноў адукацыі будуць забяспечаны сучаснымі кабінетамі і вучэбным абсталяваннем. Я не сумняваюся, што гэтыя планы ажыццявяцца, бо пастаўкі актыўна ідуць ужо сёння: у нашы ўстановы паступаюць сучасныя кабінеты хіміі, біялогіі, фізікі, камп’ютарныя класы.

Важны накірунак, над якім належыць працаваць – гэта фарміраванне асобы, якая захоўвае мінулае, цэніць сучаснае, стварае будучыню.

Упэўнена, што гэтаму паспрыяе работа ў інавацыйным рэжыме, работа па рэалізацыі рознага ўзроўню праектаў па грамадзянска-патрыятычным, духоўна-маральным выхаванні. На сёння ў кожнай установе адукацыі раёна функцыянуе музей або музейны пакой, рэалізуюцца не толькі маштабныя рэспубліканскія праекты, але і праекты, аўтарамі якіх сталі нашы навучэнцы і педагогі.

Упэўнена, што жаданне і матывацыя дзяцей, сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, а галоўнае, прафесіяналы-педагогі, – усё гэта будзе спрыяць дасягненню мэтаў, якія вызначаны праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на бліжэйшыя пяць гадоў.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Похожие публикации