Ці ведаеце вы, што кветкі роднай Беларусі расцвітаюць не толькі на палях і ўзлесках, але і пад рукамі самабытных беларускіх майстрых, якія пераймаюць карысныя рамёствы ад сваіх матуляў і бабуляў, перадаюць іх уласным дзецям і ўнукам, каб прадаўжалася сувязь пакаленняў, а інтэр’еры нашых дамоў і кватэр былі аздоблены рэчамі, якія літаральна ўвабралі ў сябе традыцыі і дух продкаў.

У Год гістарычнай памяці ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” адкрыты новы кірунак дзейнасці “Роднае-народнае”, і артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прадаўжаюць экспедыцыі па Дзятлаўшчыне, каб пазнаёміць нас з самабытнымі майстрамі раёна – захавальнікамі  беларускіх рамёстваў, абрадаў, промыслаў.

На гэты раз Ганна Харлінская і Марына Варган пабывалі ў жыхаркі вёскі Нарбутавічы Ванды Гянюк, якая за многія гады свайго жыцця стварыла дзясяткі рукатворных шэдэўраў у народным стылі. Інтэр’ер яе дома ўпрыгожваюць яркія, вышываныя гладдзю і крыжыкам сурвэткі і навалачкі, дзвярныя фіранкі і дарожкі (так майстрыха называе аздобленыя вышыўкай і найчасцей абвязаныя “зубочкам” палотнішчы, якія мацаваліся знізу на ложках і канапах для іх упрыгажэння). Ёсць у Ванды Іосіфаўны і ўласная калекцыя тканых пакрывалаў, дзе вока радуюць яркія ўзоры і кветкі.

– Рукадзеллю мяне навучыла матуля, таксама жыхарка Нарбутавічаў, Інэса Мартынаўна Шымук, 1910 года нараджэння. Я ў дзяцінстве любіла назіраць, як яна працуе, а аднойчы, калі ў хаце стаяў аснаваны варстат з ужо пачатым палатном і матуля надоўга адлучылася, я амаль закончыла работу. Калі падрасла, з дзяўчатамі часта хадзілі адна да адной дапамагаць у ткацтве, у мяне добра атрымлівалася перабіраць узоры, – расказала пра вытокі сваіх уменняў Ванда Іосіфаўна.

Ідэі для будучых вышывак крыжыкам майстрыха прыдумвала сама, спачатку малявала іх на паперы і размяркоўвала на “дарожкі”, а затым з дапамогай іголкі і каляровых нітак “пераносіла” сюжэты на тканіну. На яе вышыўках не толькі “расцвітаюць” кветкі, ёсць тут і героі ўсім вядомых казак. У залежнасці ад задумкі і інтэр’ера пакоя колеры вышыванак самыя розныя: ад ружовага да чырвонага, ад блакітнага да цёмна-сіняга.

Варта адзначыць, што работы ў народным стылі і сёння не губляюць сваёй актуальнасці, яны могуць асвяжыць і ўпрыгожыць любы дом ці кватэру, праўда, цяпер іх чамусьці ўсё часцей называюць па-замежнаму “хэнд-мэйд”. Чаму так адбываецца, не зусім зразумела, вельмі хочацца верыць, што мода на ўсё замежнае не “выцісне” з нашага жыцця традыцыі продкаў, бо свет вакол нас – гэта адлюстраванне народнай душы, залацінкі мудрасці мінулых пакаленняў, зразумелыя сімвалы ўспрымання Сусвету. Калі іх страціць, то сваю форму, змест і значэнне памяняе ўсё наша жыццё. Трэба берагчы і памнажаць культуру продкаў – той неацэнны скарб, які па крупінках збіраўся стагоддзямі і дастаўся нам дзеля будучыні.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации