Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва наведаў жыхарку вёскі Талявічы Ванду Альшэўскую, каб павіншаваць з 80-годдзем, парадаваць юбілярку любімымі песнямі і шчырымі словамі.

Нарадзілася Ванда Пятроўна ў простай сялянскай сям’і і гадавалася разам з сястрычкай Аленай, якая стала яе лепшай сяброўкай і дарадцам на ўсё жыццё. Дзяўчына скончыла 7 класаў у Вялікіх Шастаках, а затым давучвалася ў вячэрняй школе. Пасля 10 класа пайшла працаваць на цагельны завод і аддала рабоце там 15 гадоў, а затым 24 гады была прадаўцом у вясковым магазіне.

Аднойчы сяброўка запрасіла Ванду на вяселле, і там яна пазнаёмілася з прывабным хлопцам з вёскі Даўгялавічы. Канстанціну вельмі спадабалася Ванда, сталі весці перапіску, па магчымасці сустракацца, а пасля службы Канстанціна ў арміі згулялі вяселле. На вяселлі брату Канстанціна Анатолю вельмі спадабалася сястра Ванды Алена. Неўзабаве і яны згулялі вяселле. Сёстры былі вельмі дружныя, а тут яшчэ выйшлі замуж за родных братоў, часта сустракаліся, таму сяброўства і прыхільнасць ужо сем’яў толькі мацнела. Трапяткія адносіны адна да адной сёстры пранеслі скрозь гады.

– Мая дарагая, мілая і любімая сястрычка Ванда – гэта залатой душы чалавек, – дзеліцца Алена. – Я люблю сваю сястру бязмерна. Душа мая заўсёды побач з ёй. Віншую яе з юбілейнай датай, жадаю моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай у яе ўсё будзе добра.

У сям’і Ванды Пятроўны і Канстанціна Валянцінавіча нарадзілася дачка Людміла. Цяпер яна з сям’ёй жыве ў горадзе Ваўкавыску. На зіму Людміла запрашае маму да сябе, і Ванда Пятроўна ўжо некалькі зім жыве ў яе. Не забываюць любімую бабулю ўнукі Дзмітрый і Таццяна, а таксама ўжо пяцёра праўнукаў.

Варта адзначыць, што Ванда Пятроўна заўжды вяла актыўнае грамадскае жыццё. Выбіралася дэпутатам у мясцовыя саветы, а цяпер ужо некалькі гадоў з’яўляецца старастай вёскі Талявічы. Жанчына хоць па натуры вельмі сціплая, але камунікабельная, заўсёды ў курсе грамадскага жыцця вёскі.

– Я ўсё жыццё прывыкла працаваць, і мне цяпер цяжкавата без гаспадаркі, але што яшчэ хацець? Няхай у кожнага будзе моцная сям’я, павага адзін да аднаго. Вельмі прыемна, што пра нас, пенсіянераў, клапоціцца наша дзяржава. Вялікі дзякуй. Няхай усе будуць здаровыя, шчаслівыя і будзе мір на ўсёй зямлі, – зазначыла напрыканцы сустрэчы Ванда Пятроўна.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации