У аддаленай маланаселенай вёсцы Харабровічы Дзятлаўскага раёна жыве равеснік вызвалення Мікалай Кот.
Сёлета ён адзначыў важкі юбілей – 80-годдзе. З гэтай нагоды творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прыехаў павіншаваць імянінніка, падарыць яму хвілінкі добрага настрою, даведацца пра яго жыццё.
У сям’і, дзе нарадзіўся Мікалай Раманавіч, выхоўвалася пяцёра дзяцей – тры сыны і дзве дачкі. Ён быў самым малодшым, любімчыкам, рос вельмі шустрым хлопцам. Калі яму было чатыры гады, памёр бацька. Усе нягоды сіроцтва выпрабаваў хлопчык, хоць любоўю старэйшых братоў, сёстраў і мамы не быў абдзелены.
Пасля заканчэння сямі класаў Мікалай паступіў у школу механізацыі ў Казлоўшчыне. На адпрацоўку яго накіравалі на цаліну. Затым малады чалавек служыў два гады ў горадзе Севераморску ў берагавой ахове.
Закончыўшы службу, вярнуўся дадому і ўладкаваўся механізатарам у сельгастэхніку ў вёсцы Міроўшчына. Адправілі неяк Мікалая з сябрамі будаваць дарогу ў вёску Скрундзі. Пасля працоўнага дня паступіў загад на ноч ставіць тэхніку ў двары фермы. Прыгнаўшы свой трактар на ферму, Мікалай убачыў прыгожую дзяўчыну. Гэта была прадавец мясцовага магазіна Данута, якая прыйшла дапамагаць маме даіць кароў. Так маладыя людзі і пазнаёміліся. Сябравалі нядоўга, неўзабаве пажаніліся. Вяселле было вясёлым, гулялі чатыры дні.
Далей был азавочная вучоба ў сельскагаспадарчым тэхнікуме ў Жыровічах, пасля заканчэння якога юбіляр стаў працаваць загадчыкам мехмайстэрнямі. Агульныпрацоўны стаж Мікалая Раманавіча склаў 43 гады.
У сям’і Мікалая і Дануты нарадзіліся два сыны. Яны выраслі, пажаніліся, самі сталі бацькамі, але здарылася вялікая трагедыя – гіне сын Аляксандр. Мікалай Раманавіч і Данута Аляксандраўна дапамагалі нявестцы гадаваць і выхоўваць сірот.
Дзядуляі бабуля вельмі ганарацца сваімі чатырма ўнукаміі трыма праўнукамі, але асаблівы гонар адчуваюць за ўнука Яўгена, які ў 9-гадовым узросце здзейсніў гераічны ўчынак – выратаваў ад немінучай гібелі сябра, які праваліўся ў пясчаную варонку падчас дзіцячай гульні.
Яго гераічны ўчынак не застаўся незаўважаным: Жэня атрымаў ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падзячны ліст і памятны падарунак – наручны гадзіннік з гравіроўкай. Яго нават запрасілі ў Маскву на ўзнагароджанне лаўрэатаў грамадска-дзяржаўнай ініцыятывы з міжнародным удзелам “Гарачае сэрца”, дзе ўручалі ўзнагароды дзецям і маладым людзям, якія здзейснілі мужныя ўчынкі, дапамагаючы іншым людзям.
Вось так і цячэ паціху жыццё Мікалая Раманавіча: калі мерна і спакойна, з поспехамі і радасцямі, а калі – прыходзіцца змагацца з цяжкасцямі і выпрабаваннямі. Таму хочацца пажадаць яму і яго цудоўнай вялікай сям’і шчасця, дабрабыту, толькі прыемных падзей, а ўсе беды і нягоды няхай мінаюць яго дом.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga