У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава 28 студзеня для навучэнцаў выпускных класаў у рамках прафарыентацыйнай работы была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

–  “Я вырашыў стаць ваенным” – гэта першае, з чым вам трэба вызначыцца, а ўжо потым можна вызначаць канкрэтную сферу дзейнасці, – пачаў сваё выступленне намеснік начальніка ваеннага факультэта па ідэалагічнай рабоце Валерый Буцько.

Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі – адзіная навучальная ўстанова Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы спецыялістаў грамадзянскай авіяцыі.

На ваенным факультэце рыхтуюць спецыялістаў для ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Навучанне складае 4 гады, а для паступлення неабходна здаць Цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы, матэматыцы і рускай ці беларускай мовах на выбар. Таксама абітурыенту трэба прайсці медкамісію і прафадбор. Па выніках прафадбору высвятляецца, які склад розуму ў абітурыента – тэхнічны ці гуманітарны.

Асноўны каардынатар усіх дзеянняў абітурыента, які хоча стаць ваенным, – ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна. Менавіта туды да 1 красавіка трэба падаць заяву на паступленне. Як адзначаюць спецыялісты, лепш рабіць гэта як мага хутчэй, каб упэўніцца ў стане свайго здароўя, што з’яўляецца важным крытэрыем адбору. Калі абітурыенту яшчэ не споўнілася 18 гадоў, то прыйсці ў ваенны камісарыят трэба з адным з бацькоў, які таксама напіша заяву аб тым, што не супраць паступлення сына ў ваенную навучальную ўстанову.

Курсанты жывуць у блочных інтэрнатах па два ці тры чалавекі ў пакоі. Для хлопцаў створаны ўсе бытавыя ўмовы, таксама для іх арганізавана трохразовае харчаванне. У сярэднім курсант ваеннага факультэта атрымлівае 350 рублёў стыпендыі: гэтая лічба залежыць ад паспяховасці ў навучанні.

Падрыхтоўка па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў наземнага забеспячэння палётаў” уключае інжынерна-аэрадромны, электрагазавы, аўтатэхнічны напрамкі забеспячэння авіяцыі. Кожны курсант гэтай спецыяльнасці атрымлівае вадзіцельскія правы катэгорый “В” і “С”.

Падрыхтоўка кадравых афіцэраў з вышэйшай адукацыяй ажыццяўляецца па спецыяльнасці “Беспілотныя авіяцыйныя комплексы” па спецыялізацыях: “Тэхналагічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў” і “Тэхнічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў”. Пасля заканчэння навучальнай установы выпускнікі будуць праходзіць службу ва Узброеных Сілах на пасадах аператараў беспілотных лятальных апаратаў, аператараў мэтавай нагрузкі і спецыялістаў па тэхнічным абслугоўванні беспілотных авіяцыйных комплексаў.

Госці прадэманстравалі патэнцыйным абітурыентам вучэбныя беспілотныя комплексы, а напрыканцы мерапрыемства адказалі на пытанні школьнікаў.

Юлія БАКУНОВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці
Працуюць тэлефоны гарачай лініі

Похожие публикации