На Дзятлаўшчыне з удзелам прадстаўнікоў улады, спецыялістаў службаў прафілактыкі і зацікаўленых структур соцыуму прайшоў раённы бацькоўскі сход “Ахова дзяцінства – забеспячэнне бяспекі дзяцей”, які арганізаваў аддзел адукацыі райвыканкама.

Пасяджэнню папярэднічала выстава дзіцячай творчасці па выніках фотачэленджа “Сям’я – гэта…”.


Аб завяршэнні 2024-2025 навучальнага года і арганізацыі вольнага часу навучэнцаў на летніх канікулах расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Адзначыла, што ў школах заняткі скончацца 31 мая, а для навучэнцаў IX і XI класаў – 23 мая. Урачыстасць “Апошні званок” адбудзецца 24 мая, выпускныя вечары адзінаццацікласнікаў – 13 чэрвеня, выпускныя экзамены для дзевяцікласнікаў – з 2 па 13 чэрвеня, цэнтралізаваныя экзамены прызначаны на 26 і 29 мая.



Рэспубліканская аздараўленчая кампанія сёлета пройдзе пад дэвізам “Лета – дзецям”. Аздараўленне будзе арганізавана ў дзённых і кругласутачных летніках. Першыя найбольш запатрабаваныя, таму будуць функцыянаваць ва ўсіх 12 установах агульнай сярэдняй адукацыі, ЦКРНіР і ДРЦДАДіМ: усяго 14 летнікаў, дзе адпачнуць 695 навучэнцаў. Таксама будуць працаваць палатачныя летнікі з кругласутачным знаходжаннем, профільныя і летнікі працы і адпачынку. На базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі запланавана работа аб’яднанняў па інтарэсах рознай скіраванасці, будуць ладзіцца выязныя экскурсіі, тэматычныя пляцоўкі. Больш падрабязна з інфармацыяй аб аздараўленчай кампаніі можна пазнаёміцца на сайтах установаў адукацыі ў раздзеле “Лета-2025”. Як непаўналетнім і іх законным прадстаўнікам аказваецца сацыяльна-педагагічная падтрымка і псіхалагічная дапамога з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў, патлумачыла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч. Намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч актуалізаваў тэму прававой адказнасці законных прадстаўнікоў за выхаванне дзяцей. Аб змяненнях у заканадаўстве пры прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы і маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне нагадала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан. На пытаннях прафілактыкі наркаманіі, кіберзлачыннасці, злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій спыніўся начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Павел Бараноўскі. Тэму прафілактыкі суіцыдальных паводзінаў у дзяцей і падлеткаў, іх прычыны і фактары закрануў доктар-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Барыс Отчык. Начальнік участка продажу паслуг Слонімскага ЗВЭС Гродзенскага філіяла “Белтэлекам” Яўген Бурвін расказаў аб выкарыстанні спецыяльных праграм бацькоўскага кантролю для абароны дзяцей у інтэрнэце. Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык чарговы раз нагадаў правілы бяспечных паводзінаў і падкрэсліў, што бяспека дзяцей – гэта ў першую чаргу адказнасць бацькоў. Клірык сабора навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў раённага бацькоўскага сходу на тым, што менавіта сямейныя каштоўнасці, вера, хрысціянскія паводзіны – гарант паспяховага выхавання падрастаючага пакалення.





Вынікі сустрэчы падвяла Марына Лашкоўская. Яна адзначыла, што мерапрыемствы аказваюцца дзейснымі толькі ў тым выпадку, калі бацькі самі зацікаўлены ў дасягненні пастаўленых мэтаў, а педагагічная дапамога запатрабавана, калі яна не навязана.

На развітанне бацькам прапанавалі дома прагледзець стужку “Мамін ліст”, спасылку на якую можна знайсці ў бацькоўскім чаце, там жа будзе размешчана прававая інфармацыя аб мерах адказнасці бацькоў і непаўналетніх за супрацьпраўныя ўчынкі, памяткі аб бяспечных паводзінах.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #образование