У аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама прайшло прафілактычнае мерапрыемства па аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні асобам, не занятым у эканоміцы. У ім прынялі ўдзел начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Руслан Лаўрэнцьеў, прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, арганізацый-працадаўцаў.

З усіх запрошаных на мерапрыемства, якія не заняты ў эканоміцы і не маюць законнай крыніцы даходаў, прыйшло толькі адзінаццаць чалавек. Тлумачэнні, чаму не працуюць, а некаторыя з іх і па некалькі гадоў не маюць пастаяннага месца работы, ізноў адныя і тыя ж: то дакументы не ў парадку, то дабірацца нязручна, у каго – рознагалоссі з былым начальствам, хто на здароўе скардзіцца, а хто і прама гаворыць, што ў калгасе не працаваў і не збіраецца. Што самае цікавае, большасць абяцаюць працаўладкавацца, бяруць накіраванне, але на работу чамусьці даходзяць з іх адзінкі.

Як адзначылі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, на сёння ў раёне каля 380 вакансій па рабочых спецыяльнасцях, а ўсяго – больш за 600 свабодных працоўных месцаў. Пры жаданні і матывацыі работу можна знайсці абсалютна любому. Але пытанне ў тым, ці ў многіх гэтае жаданне ёсць.

Кожнага беспрацоўнага выслухалі, прапанавалі канкрэтныя вакансіі, ды не адну, а на выбар. Некаторыя з прысутных згадзіліся на прапанаваныя месцы работы, іншыя паабяцалі, што бліжэйшым часам самі працаўладкуюцца.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации