24 жніўня на базе Казлоўшчынскага сельвыканкама прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

На сустрэчу былі запрошаны 17 жыхароў сельсавета, якія доўгі час не маюць афіцыйнага месца працы, на пасяджэнне камісіі прыйшлі 5 з іх.

Спецыялісты адказных службаў усіх выслухалі індывідуальна, прапанавалі шляхі вырашэння сітуацыі: вучобу, курсавую перападрыхтоўку, звязаліся з зацікаўленым наймальнікам і накіравалі аднаго з кандыдатаў на субяседаванне, выйшлі на кантакт са сваякамі беспрацоўных.

 

Старшыня сельвыканкама Вадзім Бялятка адзначыў, што сярод тых, хто быў запрошаны на пасяджэнне камісіі, няма людзей, якія хочуць і імкнуцца знайсці работу:

– У Казлоўшчыне можна ўладкавацца, праблем з занятасцю на тэрыторыі сельскага савета няма. У наяўнасці дастаткова вакансій на рабочыя і сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, часта мне тэлефануюць кіраўнікі арганізацый з просьбай дапамагчы знайсці работнікаў. Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці вадзіцеля, механізатара, грузчыка, жывёлавода.

– На жаль, у большасці тых, хто сёння наведаў пасяджэнне камісіі, жадання працаваць няма і не ўзнікае, – адзначыў Аляксандр Бараноўскі. – Аднак мы прадаўжаем настойліва прапаноўваць варыянты працаўладкавання, стараемся дапамагчы людзям зарабіць сродкі для існавання, атрымаць працоўны стаж, каб у будучым атрымліваць пенсію. Летам такія грамадзяне знаходзяць разавыя спосабы заробку, збіраюць і здаюць грыбы, ягады, не думаючы аб тым, што не за гарамі зіма.

Кожны, хто прыйшоў на сустрэчу, акрамя інфармацыі аб даступных у раёне месцах працы, атрымаў кантактныя нумары Цэнтра занятасці і Казлоўшчынскага сельвыканкама, на якія можна звяртацца па дапамогу.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации