75 гадоў мінула з пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 71 год мы жывём пад мірным небам. Дарагую цану заплацілі нашы дзяды і прадзеды за Вялікую Перамогу. Тысячы салдатаў і афіцэраў загінулі ў баях і пахаваны на чужыне.

У ліпені 2016 года на Гродзеншчыне пабыла дэлегацыя ветэранаў са Свярдлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Справа ў тым, што некалькі гадоў таму з ініцыятывы Арцінскага раённага савета ветэранаў на Свярдлоўшчыне стартавала бестэрміновая пошукава-патрыятычная акцыя “Вяртанне”. Патрыятычны праект скіраваны на тое, каб адшукаць месцы, дзе пахаваны салдаты-землякі і перадаць іх родным, у раённы і школьны музеі акругі зямлю з магілаў воінаў-уральцаў. Ёсць звесткі, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні Беларусі загінулі 120 арцінцаў.

На тэрыторыі Прынёмання пахаваны чатыры ўраджэнцы Арцінскага раёна. Таму сёлета на Гродзеншчыне прайшла цырымонія ўзяцця зямлі з месцаў пахавання радавога Івана Пятровіча Якаўлева (пахаваны на тэрыторыі райцэнтра Карэлічы), радавога Максіма Яўграфавіча Вяткіна (пахаваны ў гарадскім пасёлку Наваельня), старшага лейтэнанта Паўла Мікалаевіча Верзакова (загінуў, вызваляючы гарпасёлак Сапоцкін Гродзенскага раёна), старшага сяржанта Аляксея Канстанцінавіча Валыкіна (пахаваны ў горадзе Скідзелі). Усе гэтыя воіны загінулі ў ліпені 1944 года ў час Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён” або памерлі ад баявых раненняў ў жніўні таго ж года пасля вызвалення Гродзеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У брацкай магіле загінулых савецкіх воінаў гарпасёлка Наваельня пахаваны ўраджэнец Арцінскага раёна радавы Максім Яўграфавіч Вяткін, 1903 года нараджэння. У ліпені з магілы салдата ўзялі частачку зямлі і змясцілі яе ў імянную капсулу. Дзятлаўскі раённы савет Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў адправіў капсулу ў Гродзенскую абласную арганізацыю для далейшай перадачы прадстаўнікам ветэранскай арганізацыі Арцінскага раёна. А нядаўна з Расійскай Федэрацыі прывезлі частачку роднай зямлі загінулага салдата.

Гэта і стала нагодай для сустрэчы ля брацкай магілы ў гарадскім пасёлку Наваельня. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Дзятлаўскага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ”, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”, педагогі і навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы.

_MG_0680 _MG_0689 _MG_0697 _MG_0700 _MG_0706

Перад прысутнымі выступіў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” А. Камароў. Аляксандр Уладзіміравіч расказаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Наваельні знаходзіўся эвакуацыйны шпіталь, куды з месцаў баёў прывозілі параненых. Часта з моманту ранення да моманту дастаўкі ў шпіталь праходзілі некалькі дзён. Беларусь вызвалялі летам, медыкаментаў не хапала, многія раненыя пасля паміралі ў шпіталі ад газавай гангрэны. 13 жніўня 1944 года ў наваельнянскім шпіталі ад баявых раненняў памёр і радавы Максім Яўграфавіч Вяткін, так і не вярнуўшыся ў Арцінскі раён. Мінулі 72 гады, і сёлета землякі салдата прыслалі прыгаршчы роднай зямлі на магілу загінулага воіна.

Аляксандр Уладзіміравіч Камароў разам са старшынёй Дзятлаўскага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Леанідам Юльянавічам Кашко аддалі даніну памяці воіну: высыпалі на яго магілу зямлю з роднай Арціншчыны.
Напрыканцы мерапрыемства памяць загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны салдат ушанавалі хвілінай маўчання.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации