Любы твор мастацтва па-свойму зачароўвае, яму нададзены ўнікальныя і непаўторныя рысы.

Кожны з нас знаходзіць у ім нешта адметнае, інтэрпрэтуе ў залежнасці ад свайго светапогляду, жыццёвага вопыту і густу. Мастацтва вечнае, бо яно пастаянна дапаўняецца сучаснымі творамі. Таленавітыя людзі працягваюць ствараць прыгожае і праз свае творчыя работы прыўносяць у наша жыццё і навакольны свет штосьці незвычайнае, цікавае і запамінальнае.

На Дзятлаўшчыне далучыцца да мастацтва новага тысячагоддзя можна ў мясцовым дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі. Зараз там працуе мастацкая міні-галерэя, на якой прадстаўлены карціны і керамічныя скульптуры сучасных творцаў. Наведванне гэтай экспазіцыі з’яўляецца неад’емнай часткай экскурсійнай праграмы. У асноўным на міні-галерэі можна ўбачыць работы нашых землякоў. Адзін з іх беларускі мастак, кераміст і скульптар Мікалай Несцярэўскі. Нарадзіўся ён пад Беластокам у вёсцы Бацюты. Пасля Вялікай Айчыннай вайны пераехаў у Дзятлава. У мясцовым Доме культуры кіраваў духавым аркестрам, быў удзельнікам танцавальнага гуртка. Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў школе. Стварыў цэлую серыю “пятрушачных” лялек для тэатра, які дзейнічаў пры Доме піянераў. Мікалай Лаўрэнцьевіч з’яўляецца аўтарам усёй керамікі, прадстаўленай на экспазіцыі – бюстаў Канстанціна Астрожскага і Міндоўга, настольных і напольных вазаў, чайнікаў, дэкаратыўных вырабаў: кампазіцыі “Купалы”, скульптур “Муза”, “Спявачкі”, “Прадзільшчыца”, “Лявоніха”, “Сіняя птушка”, “Леў”, “Зубр”, “Баран”, “Дзед з унукам”, “Каваль”, “Жняя”, пластыкі “След на падушцы”. Творы майстра выкананы ў тэхніцы тэракота і шамот, некаторыя работы пакрыты глазурай. Выдатны дзеяч культуры праславіўся не толькі ўменнем ствараць керамічныя шэдэўры, але і адменным валоданнем пэндзля: у мастака вялікая колькасць палотнаў. У міні-галерэі знаходзіцца толькі іх малая частка: копія карціны “Двор у Нагародавічах” Вікенція Дмахоўскага, які жыў і тварыў у Зецеле яшчэ ў 19 стагоддзі, “Палац Сапегаў” (Палац Радзівілаў у Дзятлаве), нацюрморты “Півоні” і “Махровы бэз”. На палатне “Успаміны” намаляваны прадметы побыту: кубак, самавар, гадзіннік – яны візуальна ствараюць хатнюю ўтульнасць і перадаюць атмасферу мінулых гадоў. Каля 350 работ мастака-кераміста захоўваюцца ў фондах музея.

Разам з тым, на міні-галерэі ёсць магчымасць бліжэй пазнаёміцца ​​з выяўленчай творчасцю яшчэ адных нашых землякоў: Івана і Юрыя Козелаў. На карціне “Дзятлаўская старонка” намаляваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Адразу кідаюцца ў вочы адкрытыя дзверы і агеньчык, які не гасне і ветліва “запрашае” ў госці, справа ад касцёла – фрагмент забудовы з мураванымі яўрэйскімі дамамі рамеснікаў. У ліку работ мастакоў таксама царква святых Пятра і Паўла, размешчаная ў аграгарадку Вензавец; вёска Погіры: месца, дзе нарадзіўся вядомы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Ігнат Дварчанін; сядзіба “Жыбартоўшчына” – сямейны маёнтак выдатнага вучонага, геолага, этнографа, географа, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі.

На мастацкай экспазіцыі таксама прадстаўлена работа Вікенція Ражко, які працуе ў тэхніцы акварэлі. Яго рэалістычная  карціна “Пара  летніх навальніц” адлюстроўвае прыгажосць прыроды.  Карціна ўяўляе разнастайнасць каляровых адценняў – ад светла-жоўтага колеру, да сіне-бардовай каляровай палітры.  Дзякуючы гэтаму мастацкаму прыёму ствараецца адчуванне надыходзячай навальніцы.

Гледзячы на карціну мінскага мастака-жывапісца Алеся Квяткоўскага, з заміраннем сэрца можна любавацца краявідамі вёскі Гузні.

Са слоў галоўнага захавальніка фондаў музея Ірыны Якаўчык, тыя, хто ўжо наведаў мастацкую міні-галерэю, адзначаюць, што карціна Мікалая Несцярэўскага “Махровы бэз” вельмі прыцягвае да сябе. Кажуць, што майскі букет, які намаляваны на палатне, як жывы, так і хочацца ўзяць у рукі. Таксама наведвальнікі ў захапленні ад керамічных скульптур: палёт творчай думкі ў спалучэнні з умелымі рукамі проста зачароўваюць.

Вывад просты: хто яшчэ не бачыў новую экспазіцыю, абавязкова прыходзьце паглядзець і далучайцеся да прыгожага.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации