7 студзеня Праваслаўная Царква святкуе Нараджэнне Хрыстова. Напярэдадні, 6 студзеня, ва ўсіх храмах пачынаюцца святочныя богаслужэнні.

У саборы навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава такую службу правёў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель. Разам з праваслаўнымі вернікамі ў храм прыйшлі прадстаўнікі раённай улады.

Нараджэнне Хрыстова ў іерархіі святаў займае другое месца пасля Вялікадня і прызначана ў гонар нараджэння Бога Збаўцы – Ісуса Хрыста. Менавіта з гэтым важным момантам звязаны і пачатак летавылічэння, які падзяліўся на дзве эпохі: “да Нараджэння Хрыстова” і “пасля Нараджэння Хрыстова”.

Як нам расказвае Святое Пісанне, нарадзіўся Збаўца ў Віфлееме, у пячоры. Аб тым, што ён з’явіцца на свет, было прадказана ў Старым Запавеце.

Па распараджэнні рымскага імператара Аўгуста ў той час быў арганізаваны перапіс насельніцтва. Марыя і Іосіф ішлі ў Віфлеем, каб унесці ў спіс свае імёны. Усе гасцёўні і пастаялыя двары былі перапоўнены, таму святое сямейства спынілася ў пячоры, дзе і нарадзіўся выратавальнік чалавецтва. Першымі, хто яму пакланіўся, былі пастухі, якім добрую вестку паведаміў анёл. Затым на паклон з падарункамі прыйшлі вешчуны – мудрацы з Усходу, якія на небасхіле ўбачылі яркую зорку. Прынеслі Богу-немаўляці золата, як цару, ладан, як богу, смірну, як смяротнаму чалавеку.

У наш час у гонар гэтых падзей каля храмаў ладзяцца экспазіцыі ў выглядзе віфлеемскай пячоры з яслямі, дзе ляжыць маленькі Хрыстос, ёсць там Божая Маці Марыя і Іосіф, жывёлы, пастухі, мудрацы. З’явілася такая экспазіцыя і ў дзятлаўскім храме.

Нараджэнне Хрыстова нязменна адзначаецца 7 студзеня і завяршае ў праваслаўных хрысціян саракадзённы пост. Святочныя богаслужэнні вылучаюцца асаблівай прыгажосцю і ўрачыстасцю. Храм упрыгожваюць ёлачкамі, у цэнтр выносяць Віфлеемскую зорку ў напамін аб той, якую на небасхіле бачылі вешчуны.

Святочная служба вядзецца ў гонар Хрыста, які нарадзіўся, каб пазбавіць людзей ад рабства граху і смерці пасля падзення і выгнання з раю. Дзень перад Нараджэннем Хрыстовым – куцця. Хрысціяне асвячаюць у храме “сочыва” – страву з зерня, аздобленую мёдам і сухафруктамі, якая сімвалізуе жыццё. З вечара 6 студзеня пачынаецца царкоўная служба. У вернікаў ёсць магчымасць запаліць лампадку ад Віфлеемскага агню, які напярэдадні быў дастаўлены ў праваслаўныя храмы, каб прынесці гэту святыню ў свае дамы. Айцец Іаан дапамог прыхаджанам запаліць іх лампадкі.

З нагоды свята падарунак Іаану Кісялю ад раённага выканаўчага камітэта ўручылі метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Соф’я Бомбер і навучэнцы, а таксама перадалі найлепшыя пажаданні святару і прыхаджанам.

– У гэты светлы дзень вялікай радасці аб увасабленні і з’яўленні ў свет Сына Божага ад імя райвыканкама і нас прыміце самыя цёплыя і сардэчныя віншаванні, – звярнулася да святара Кацярына Гайдук. – Здароўя вам душэўнага і цялеснага, міру, дабрабыту! Няхай Гасподзь мацуе вашы сілы, каб вы яшчэ шмат гадоў радасна сустракалі гэта свята і мелі брацкія стасункі ў Госпадзе нашым Ісусе Хрысце з усімі, хто палюбіў яго.

Павіншавала Кацярына Аляксандраўна і прыхаджан:

– Няхай навагоднія і калядныя святы прыносяць вам прыемныя навіны. Пажадаем адзін аднаму веры, надзеі, любові, далейшага працвітання нашай роднай Беларусі і любімай Дзятлаўшчыны. Давайце дарыць цяпло сэрцаў, увагу і клопат блізкім, каб у 2025 годзе шчаслівых людзей стала болей.  

Наступныя за Нараджэннем Хрыстовым 12 дзён, аж да 19 студзеня, Дня Хрышчэння Гасподняга, лічацца святочнымі і маюць назву “святкі”. На працягу іх існуе традыцыя рабіць дабро і справы дабрачыннасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации