Чарговае прафарыентацыйнае мерапрыемства “Дзень з прадпрыемствам” прайшло для навучэнцаў старэйшых класаў сярэдніх школ горада Дзятлава № 1 імя А. М. Чурылы і № 3 імя І. Ю. Філідовіча, яго арганізавала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

– Выбар будучай спецыяльнасці – адзін з самых важных крокаў, які робіць кожны чалавек, – упэўнена намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань. – Ад таго, якім будзе гэты першы крок, залежыць многае. Менавіта таму наша ўпраўленне практыкуе такі фармат работы з навучэнцамі, як прафарыентацыйныя сустрэчы “Дзень з прадпрыемствам”. У час іх школьнікі наведваюць прадпрыемствы, арганізацыі, гаспадаркі раёна, сустракаюцца са спецыялістамі розных сфер, каб як мага больш даведацца, чым займаюцца гэтыя людзі. Работнікі нашага ўпраўлення таксама расказваюць маладым жыхарам раёна, як выбраць прафесію, быць запатрабаваным на рынку працы ў будучыні, якая справа можа прынесці і задавальненне, і фінансавы дабрабыт. Для таго, каб зацікавіць навучэнцаў старэйшых класаў спецыяльнасцямі, якія запатрабаваны ў сферы культуры Дзятлаўшчыны, была арганізавана чарговая сустрэча “Дзень з прадпрыемствам”.  

У час мерапрыемства навучэнцы наведалі Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе Алена Савань расказала ім аб  вакансіях у гэтай установе і ў раёне ў цэлым. Падрабязна спынілася яна і на рабоце спецыялізаванага лічбавага сэрвісу “Крок у прафесію”, які дапамагае карыстальнікам выявіць сферы іх інтарэсаў і вызначыцца з найбольш прыдатнай для кожнага індывідуальна прафесіяй.

Больш дэталёва аб рабоце Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці расказала яго дырэктар Наталля Маліноўская. З яе выступлення прысутныя даведаліся пра структуру гэтай дзяржаўнай установы, напрамкі дзейнасці, клубныя фарміраванні. Таксама Наталля Мікалаеўна спынілася на тым, якімі здольнасцямі і навыкамі павінен валодаць работнік культуры і ў якіх установах адукацыі Рэспублікі Беларусь можна атрымаць прафесіі, найбольш запатрабаваныя ў сферы культуры Дзятлаўшчыны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации