Жыхары нашага раёна выдатна ведаюць прасторную мадэрнізаваную Казлоўшчынскую сярэднюю школу, якая займае два корпусы былога сельскагаспадарчага ліцэя.

Над плошчай Леніна гарпасёлка велічна ўзвышаецца чатырохпавярховы будынак сярэдняй школы, а праз дарогу за некалькі метраў ад яго знаходзіцца пачатковая. Мяркую, любы жыхар мегаполіса можа пазайздросціць умовам навучання мясцовых дзяцей. Казлоўшчынскім навучэнцам пашанцавала: не ва ўсіх гарадскіх школах ёсць такія прасторныя светлыя класы, утульныя фае і магчымасць займацца ў адну змену. Разам з тым адміністрацыя школы на дасягнутым не спыняецца, прадаўжае работы па добраўпарадкаванні.

Зусім нядаўна значна была пашырана ўваходная група, што вядзе да будынка сярэдняй школы. З абодвух бакоў за кошт тратуарнай пліткі “прырасла” дарожка. Здаецца, яшчэ нядаўна тут амаль да самага ганка навучальнай установы цягнуліся школьныя клумбы са стракатымі вераснёўскімі аксаміткамі, а цяпер, каб гэта не з’яўлялася пешаходнай зонай, маглі б размінуцца некалькі сустрэчных машын.

– Мы разам са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім прыязджалі на першавераснёўскую лінейку ў Казлоўшчынскую сярэднюю школу, – расказала гісторыю добраўпарадкавання начальнік аддзела адукацыі, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Марына Лашкоўская. – Зразумела, што дзяцей у гэтай установе нямала, таму ў Андрэя Уладзіміравіча ўзнікла ідэя аб неабходнасці дакласці плітку, каб двор, дзе праходзяць лінейкі і школьныя мерапрыемствы стаў прасторным, прыгожым, зручным. Для рэалізацыі гэтай добрай задумы з раённага бюджэту былі выдзелены пяць тысяч рублёў, на якія закуплены будаўнічыя матэрыялы. У самы кароткі тэрмін работы па пашырэнні дарожкі былі выкананы. У плане добраўпарадкавання на школьным двары яшчэ ёсць над чым працаваць: вясной тут з’явяцца лавачкі, вазы, кветкі. Мы вельмі ўдзячны кіраўніку раёна за пастаянную падтрымку сферы адукацыі, карысныя ідэі, гаспадарчы падыход.

– Усе работы выконваліся сіламі работнікаў школы, – прадоўжыла тэму намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Яфімік. – Старшыні райвыканкама выказваем шчырыя словы ўдзячнасці за пастаянную падтрымку, клопат і матэрыяльную дапамогу нашай установе, якая аказвалася неаднаразова. Цяпер у нас ёсць магчымасць праводзіць мерапрыемствы на гэтай прасторнай шырокай пляцоўцы, а нашы адзінаццацікласнікі змогуць на ёй станцаваць свой выпускны вальс. Сёлета ў школе займаюцца 212 навучэнцаў, працуюць 33 педагогі, калі ўлічваць яшчэ і гасцей святаў, то становіцца зразумела, што добраўпарадкаванне ўваходнай групы дазволіць усім зручна размясціцца на пляцоўцы, а не стаяць на газоне.

– Пляцоўка перад школай значна пашырылася, стала больш ёмістай, – зазначаюць васьмікласніцы Ганна Мазоль і Маргарыта Цяцерына. – Мы ўсе з нецярпеннем чакалі, калі скончыцца гэта добраўпарадкаванне. Цяпер перад школай прыгожа і ўтульна. Безумоўна, і самі вучні нашай установы стараліся дапамагчы работнікам: падносілі плітку, падвозілі тачку. Напрыклад, пяцікласнік Ягор Куніцкі нават атрымаў грамату на лінейцы ад дырэктара Ігара Данільчыка за тое, што часцей за ўсіх, у тым ліку на канікулах, прыходзіў дапамагаць. Затое на абноўленай пляцоўцы месца хопіць усім, нават для вальса і чарлідынга.

– Нашы дзеці вучацца ў прасторнай школе, двор якой прыгажэе з кожным годам, абнаўляецца інтэр’ер, набываецца новае сучаснае абсталяванне, – падкрэслівае мама і работніца школьнай бібліятэкі Іна Цімафейчык. – Гэта натхняе вучняў, яны з радасцю прыходзяць у светлыя кабінеты, з задавальненнем бавяць час ва ўтульным школьным двары. Ад навучэнцаў і бацькоў – вялікі дзякуй усім, хто паклапаціўся аб рамонце, за пашыраную ўваходную групу. Цяпер на ўрачыстых лінейках выпускнікам і дзецям, якія рыхтуюць танцы і выступленні, будзе яшчэ зручней радаваць публіку, а гасцям святаў – камфортна за імі назіраць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее
#нашалепшае

Похожие публикации