Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі.

Аляксандр Мармыш без малога 20 гадоў прысвяціў службе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, першае дзесяцігоддзе – камандзірам аддзялення ПАВП-13 аграгарадка Раготна. У далейшым была работа начальнікам каравула ў Наваельні і нават інспектарам пажарнага нагляду, аднак перыяд станаўлення ў прафесіі і першую сваю каманду ён не забудзе ніколі. 

Фотаздымак, які адшукаўся ў архіве Дзятлаўскага РАНС, выклікае ў Аляксандра Уладзіміравіча неадназначныя пачуцці.

– На гэтым фота разам са мной – падначалены і таварыш вадзіцель Уладзімір Грыб, з якім мы на пачатку службы, у далёкім 1996-м або 1997 годзе стаім каля пажарнай аўтацыстэрны на базе машыны “Урал 5557”, – расказвае мужчына. – Разам з ім удваіх мы заступалі на дзяжурства ў першым каравуле. Хутчэй за ўсё, аўтамабіль прыводзілі ў парадак пасля чарговага выезду і вырашылі сфатаграфавацца. На жаль, паўтарыць разам са мной гэта памятнае фота ён ужо ніколі не зможа.

Архіўны фотаздымак – як зрэз эпохі ваенізацыі і станаўлення пажарнай службы, першапраходцамі якой былі сённяшнія маладыя ветэраны МНС. Цікава разглядаць у дэталях, як усё было тады: па-першае, камуфляжная форма як спадчына ад ваенных (сучасная з’явілася значна пазней). Па-другое, пажарны аўтамабіль на той час самы магутны, высокі і ўсепраходны ў раёне, з самым вялікім аб’ёмам цыстэрны – больш за 5 тон. А гэта значыць, што, прыбыўшы на пажар, пэўны час можна было працаваць і ведаць, што вада не скончыцца.

– Такая машына была на ўзбраенні менавіта ў Раготне, таму што на той час толькі наш гараж дазваляў размясціць яе па габарытах, – расказвае Аляксандр Мармыш. – Адпаведна, і выязджалі на складаныя пажары, асабліва зімой, мы часцей за астатніх. На такой тэхніцы максімальна хутка маглі выканаць баявую задачу. Мы былі гэтаму толькі рады: маладой энергіі хапала, было цікава, тым больш што кожны выпадак – гэта новы вопыт і праверка на трываласць.

Яшчэ адна цікавая дэталь фотаздымка і прычына, чаму раготнаўскіх ратаўнікоў часцей за іншых хацелі бачыць у рабоце – гэта лафетны ствол на даху машыны. Ён валодаў вялікай прадукцыйнасцю (да 50 літраў за секунду) і дальнасцю работы, а значыць, дазваляў хутка і эфектыўна збіць полымя.

– Часта, прыязджаючы на ўзгаранне разам з калегамі па службе з іншых пастоў, мы пачыналі ліквідацыю пажару, пасля чаго ўсе разам хутка завяршалі справу. Але якой бы выдатнай на той час ні была пажарная тэхніка, грэюць успаміны аб саслужыўцах, з якімі, як гаворыцца, прайшлі агонь, ваду і медныя трубы, не раз падстаўлялі надзейнае плячо адзін аднаму. Я, Аляксандр Кардаш, Іван Ашмян – наш раготнаўскі касцяк, з якім я заўсёды на сувязі. З многімі калегамі бачымся і цяпер, а некаторых ужо няма ў жывых…

Аляксандр Мармыш узгадвае няпростыя 90-я, што з таварышамі разам працавалі ў мясцовым калгасе, шукалі стабільнасці, разам прыйшлі працаваць на пост у пачатку станаўлення службы.

– Усе мы былі мясцовыя, з Раготна, разам пачыналі ўвасьмярых, і, вядома, гэта была не проста работа, а нешта нашмат большае – сапраўднае пажарнае братэрства, – кажа мужчына. – Людзі з вопытам, у кожнага свой жыццёвы багаж за плячыма. Мы былі ўпэўнены, што таварыш ніколі не падвядзе ў крытычнай сітуацыі.

Аляксандр Мармыш даўно жыве ў Дзятлаве, аднак часта заязджае ў Раготна сустрэцца з саслужыўцамі, многія з якіх і на заслужаным адпачынку працуюць па грамадзянскіх спецыяльнасцях. Двойчы на год, у прафесійныя святы, а то і часцей, ён наведвае сучасную пажарную часць у Дзятлаве, каб сустрэцца са сваімі і парадавацца за тое, якой пажарная служба стала сёння.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара, з архіва Дзятлаўскага РАНС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации