Ляціць час птушкай. Зусім нядаўна жыццё, як чысты ліст паперы, ляжала перад табой, душа была поўная мараў і надзей, а вось ужо ты падводзіш вынікі і сумуеш па няздзейсненаму ці ганарышся тым, што напісана.

Мы хочам павіншаваць з 70-годдзем Надзею Ілюковіч, былую настаўніцу матэматыкі СШ №3. Біяграфія Надзеі Іванаўны – яркі прыклад таго, як чалавек усё жыццё рос сам і падымаў да вяршыняў навукі сваіх выхаванцаў і вучняў.

Нарадзілася Надзея Іванаўна 23 лютага 1948 года. Дзяцінства правяла ў вёсцы Труханавічы Дзятлаўскага раёна. Бацькі, Іван Максімавіч і Валянціна Фёдараўна, якія скончылі толькі пачатковую школу, марылі, каб дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. І іх мара ажыццявілася: сын стаў інжынерам, а дочкі – педагогамі. У 1968 годзе Надзея Іванаўна скончыла фізіка-матэматычны факультэт па спецыяльнасці настаўнік матэматыкі. Далей пачаліся прафесійныя выпрабаванні. Да 1970 года працавала настаўніцай матэматыкі ў Крывіцкай ВШ Іўеўскага раёна. З 1970 па 1975 год Надзея Іванаўна – піянерважатая і настаўніца матэматыкі СШ №2 горада Гродна. Пасля працавала інспектарам аддзела народнай адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, выкладала матэматыку ў СШ №1, а з 1988 па 2009 год – у СШ №3 горада Дзятлава.

Праца ў СШ №3 – гэта асаблівы час у педагагічнай творчасці Надзеі Іванаўны. Менавіта тут яна сумяшчала працу настаўніцы матэматыкі з прафсаюзнай справай. Вочы яе свецяцца шчасцем, калі яна ўспамінае, як у школе згуртаваным калектывам рыхтаваліся агляды мастацкай самадзейнасці, шыліся касцюмы, а затым пад гукі акардэона праходзілі сустрэчы і выступленні.

Ужо ў той час Надзея Іванаўна зарэкамендавала сябе як прафесіянал, таму аддзел адукацыі не пабаяўся даверыць ёй школу маладога настаўніка і кіраўніцтва раённай секцыяй настаўнікаў матэматыкі.

Яна не баялася цяжкасцяў, а наадварот, пераадольваючы іх, атрымлівала задавальненне ад працы. Менавіта мэтанакіраванасць і працавітасць, а таксама высокі прафесіяналізм дапамаглі Надзеі Іванаўне дасягнуць высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці і атрымаць за гэта ганаровае званне Выдатніка народнай адукацыі Беларусі. Таксама ў настаўніцкім арсенале ёсць Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі БССР, Цэнтральнага камітэта КПСС і Савета Міністраў СССР, аддзелаў адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Дзятлаўскага райвыканкама.

А ў 2001 годзе яна атрымала “Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Надзея Іванаўна лічыць, што за свае дасягненні яна шмат у чым абавязана тым людзям, якія яе акружалі. Гэта першы настаўнік матэматыкі Гірыцкай СШ Міхаіл Дудзіч, настаўніца матэматыкі СШ №1 горада Дзятлава Ядзвіга Кійко перадалі ёй веды, якія дапамаглі ў выбары прафесіі. Таксама за свае поспехі ў станаўленні як настаўніка матэматыкі Надзея Іванаўна ўдзячная Яўгеніі Савань, Людміле Саванец, Наталлі Петрыкевіч, Марыі Сташэнка.

Сёння Надзея Іванаўна маці дваіх сыноў, бабуля чатырох унукаў і прабабуля першай праўнучкі. У вольны час любіць працаваць у агародзе побач з бацькоўскім домам, разгадвае сканворды, чытае мастацкую літаратуру. Аднак такога часу ў яе няшмат. Нават сёння, на заслужаным адпачынку, Надзея Іванаўна не расстаецца з любімай справай і займаецца рэпетытарствам.

Любоў да дзяцей, добрасумленнае стаўленне да справы, якой служыш, – гэта толькі малая частка таго, што падштурхоўвае былых вучняў Надзеі Іванаўны, ужо бацькоў, аддаваць сваіх дзяцей у рукі дасведчанага прафесіянала.

Праца яе заслугоўвае падзякі. Абраўшы адну з самых ганаровых прафесій – настаўнік, – яна стала творцам новага жыцця для сваіх вучняў.

Жадаем Надзеі Іванаўне добрага здароўя, невычэрпнай бадзёрасці духу, павагі і любові родных і сяброў, шчырай падзякі вучняў і доўгіх гадоў жыцця.

Святлана САЛАЎЁВА,
кіраўнік факультатыўных заняткаў “Увядзенне ў педагагічную прафесію”

Предыдущая новость

Следующая новость

2 Комментарии

  • Долгих лет жизни преподавателю с “Большой Буквы”…

  • Надежда Ивановна. Педагог от бога. Даже сложная математика была интересной и занимательной. Сегодня, посещая уроки математики у коллег, всегда вспоминаю Вас. Здоровья, удачи, крепкого здоровья.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации