У аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама прайшоў вучэбна-метадычны збор камандзіраў і ўдзельнікаў добраахвотных дружын з запрашэннем старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна і прадстаўнікоў арганізацый, пры якіх працуюць добраахвотныя дружыны.

На сустрэчы таксама прысутнічалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык – кіраўнік штаба добраахвотных дружын раёна, і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, якая курыруе работу моладзевых атрадаў аховы правапарадку.

На сустрэчы былі абмеркаваны пытанні арганізацыі ў першым квартале 2021 года работы добраахвотных дружын Дзятлаўшчыны, а таксама неабходнасць узмацнення прафілактычнага ўплыву гэтых грамадскіх фарміраванняў на аператыўную абстаноўку, якая складваецца ў раёне. Адзначана, напрыклад, што акцэнт у прафілактыцы правапарушэнняў варта зрабіць на папярэджанне крадзяжоў усіх формаў маёмасці і работу на падведамаснай тэрыторыі з грамадзянамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і вядуць асацыяльны лад жыцця. Праваахоўнікі спадзяюцца на дапамогу грамадскіх фарміраванняў пры рабоце ў гэтых накірунках.

Варта адзначыць, што сачыць за правапарадкам міліцыі дапамагаюць дзве добраахвотныя дружыны, якія створаны ў Дзятлаве пры ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” і Дзятлаўскім РУП ЖКГ, яшчэ 10 такіх жа грамадскіх фарміраванняў працуюць пры сельскіх выканаўчых камітэтах раёна.

Першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама Уладзімір Святоха заклікаў адказных асобаў правесці перагляд спісаў членаў добраахвотных дружын, праверыць, ці ўсе дружыннікі маюць пасведчанні належнага ўзору, а таксама прадаставіць у аддзел графікі выхадаў дружыннікаў на ахову грамадскага парадку ў першым квартале 2021 года.

Старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапрадку і прафілактыкі Наталля Акуновіч правяла занятак-практыкум па афармленні дакументацыі аб рабоце добраахвотных дружын і перадала камандзірам планы-канспекты заняткаў, якія неабходна правесці з дружыннікамі.

Напрыканцы пасяджэння Уладзімір Святоха зазначыў, што падобныя сустрэчы ў нашым раёне плануецца праводзіць раз у квартал. Вучэбна-метадычныя зборы дапамогуць добраахвотным дружыннікам набыць неабходныя веды і навыкі для выніковага ўдзелу ў ахове грамадскага парадку пры цесным супрацоўніцтве з работнікамі раённай міліцыі.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации