На палетках Дзятлаўшчыны завяршаецца ўборка сёлетняга ўраджаю, саступаючы месца ворыву і падрыхтоўцы глебы да новага сельскагаспадарчага сезона.
Унясеннем мінеральных угнаенняў у СГФ “АграМілк” займаецца вопытны механізатар Пётр Маложын.
– На будучы год тут зноў пасеюць кукурузу, а пакуль зямлю трэба падтрымаць, – тлумачыць мужчына.
На Дзятлаўшчыну лёс прывёў Пятра Іванавіча з горада Клімавічы, што на Магілёўшчыне, тут ён працуе ўжо 13 гадоў. Спачатку з жыллём дапамагла гаспадарка, прадаставіўшы дом у вёсцы Засецце, праз некаторы час сям’я Маложыных набыла ўласны дом у Раклевічах.
Работа ў полі па душы механізатару, да кожнага даручэння ён падыходзіць з веданнем справы і энтузіязмам. Сёлета Пётр Маложын быў актыўным удзельнікам пасяўной кампаніі: араў поле, сеяў кукурузу і цукровыя буракі, якія восенню ўбіраў на спецыяльным камбайне “Холмер”. Цяпер працуе за рулём айчыннага МТЗ-1523 з прычапным абсталяваннем.
– Чаго ж не працаваць, калі тэхніка добрая, надзейная, пастаянна абнаўляецца, – кажа аграрый. – Яе абслугоўваннем займаецца гарантыйная служба.
Ён любіць сваю работу ў любую пару года. Падабаецца мець справу з тэхнікай, вырашаць важныя задачы, адчуваць сябе часцінкай вялікай каманды, адпачываць душой у час палявых работ. А яшчэ, што немалаважна, атрымліваць дастойнае матэрыяльнае ўзнагароджанне за плённую працу.
– Хто дбае, той мае, – узгадвае Пётр Маложын народную мудрасць. – Таму стараемся плённа працаваць, каб хутка і якасна выканаць заданне.
З нагоды надыходзячага Дня работнікаў сельскай гаспадаркі Пётр Іванавіч жадае ўсім, хто працуе ў гэтай сферы, моцнага здароўя і дабрабыту. Каб тэхніка не падводзіла, а начальства радавала прэміямі.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga