Цікава і карысна бавяць час на летніх канікулах наведвальнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Чарговая сустрэча навучэнцаў прайшла тут у фармаце форуму юных журналістаў “Першы крок да эфіру”.
На творчай пляцоўцы сустрэліся дзве каманды юных карэспандэнтаў — “АндрухаКарпарэйшн” і “Вектар_онлайн”. Падлеткі не толькі даведаліся шмат новага аб прафесіі журналіста, але і самі прынялі ўдзел у падрыхтоўцы артыкула да друку. Таксама ўдзельнікам форуму былі прапанаваны іншыя творчыя заданні: яны па ланцужку сачынялі міні-апавяданне, пісалі вершы, адгадвалі загадкі.
Пра спецыфіку работы ў рэдакцыі газеты і асноўныя жанры журналістыкі навучэнцам расказала карэспандэнтка газеты “Перамога” І. Стырнік.
За час работы творчай пляцоўкі юныя журналісты даведаліся, што інфармацыя, якую яны прапануюць сваім чытачам павінна абавязкова быць праўдзівай, дакладнай, а работа — аператыўнай.
Напрыканцы форуму навучэнцы далі клятву юных карэспандэнтаў, паабяцаўшы, што ў сваіх школьных газетах і пры супрацоўніцтве з іншымі выданнямі яны будуць пісаць толькі праўду, выкладаць дакладныя факты.
Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства дзеці падзяліліся, намаляваўшы чалавечкаў. Усе яны атрымаліся вясёлымі — значыць яшчэ адзін дзень летніх канікулаў у Цэнтры творчасці прайшоў з добрым настроем.

І. МІШЧАНКА,
метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава
Фота І. КАЎКЕЛЬ