На вялікіх выхадных у Гродзенскім аблвыканкаме пабывалі лепшыя навучэнцы з розных раёнаў вобласці.

Маладыя жыхары Прынёмання, якія праявілі сябе ў вучобе, творчасці, спорце, валанцёрскім руху і моладзевым самакіраванні, былі запрошаны ў аблвыканкам з экскурсіяй.

На гэты раз у час сустрэчы ўзнагародзілі пераможцаў абласнога этапу конкурсу “Адкрываем Беларусь”. Дыпломам І ступені ва ўзроставай катэгорыі 14-17 гадоў адзначаны навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава Яўгенія Радомская, Ганна Сіневіч, Дар’я Пятроўская, якія падрыхтавалі свой конкурсны відэасюжэт пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Алены Радомскай.

Алена Вікенцьеўна расказала, аб чым была іх відэаработа і падзялілася ўражаннямі ад паездкі:

– Мы з гімназістамі прадставілі на суд журы троххвілінны відэаролік па напрамку “Беларусь таямнічая”. У сваёй рабоце расказалі аб таямніцах Белавежскай пушчы, Нясвіжскага замка, аб лепельскім драконе-цмоку. Праз складаны мантаж сюжэтаў з інтэрнэту дасягнулі эфекту прысутнасці. Мяркую, відэастужка атрымалася якаснай, бо адзначана вышэйшым дыпломам. Дзецям было прыемна атрымаць прызы і рэкламную прадукцыю. Усяго на абласным этапе былі прадстаўлены 78 творчых работ у дзвюх узроставых катэгорыях. Шэсць лепшых з іх будуць абараняць гонар Гродзенскай вобласці на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Станоўчыя ўражанні гімназістам пакінула не толькі цырымонія ўзнагароджання, але і экскурсія па будынку аблвыканкама, у час якой навучэнцы даведаліся, як працуюць органы дзяржаўнай улады, зазірнулі ў рабочыя кабінеты кіраўнікоў, наведалі залы пасяджэнняў, дзе праходзяць нарады, прыёмы замежных дэлегацый, прымаюцца важныя рашэнні, падпісваюцца пагадненні. Шчырую цікаваць выклікала і выставачная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі стварэння вобласці, галерэя партрэтаў кіраўнікоў нашага рэгіёна. Прыемна запомнілася дзецям і размова з начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Русланам Абрамчыкам, у час якой яны мелі магчымасць задаць пытанні і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ўдзельнікаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ

Похожие публикации