Цёплыя словы віншавання, песні, танцы і сюрпрызы падарылі мужчынам Дзятлаўшчыны зямлячкі ў час канцэртнай праграмы, прымеркаванай да Дня абаронцаў Айчыны.
Яна адбылася 23 лютага ў Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава.
У шматлюднай зале было нямала мужчын – прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, ваеннаслужачыя і прадстаўнікі сілавых структураў, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Свята пачалося з песеннага падарунка ад юнага Глеба Мармыша, які “марыць стаць ваенным” і з танца дзіцячага танцавальнага калектыву.
– Абаронца – гэта той, хто абараняе сваю краіну, сваю сям’ю, родных і блізкіх. Гэта дастойны, адважны і моцны мужчына, гатовы рызыкаваць сваім здароўем і нават жыццём у імя сваёй Айчыны, – агучылі простую ісціну вядучыя праграмы Наталля Маліноўская і Анастасія Голуб.
Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец павіншаваў дзятлаўчан з Днём абаронцаў Айчыны, пажадаў поспехаў, шчасця, міру і дабра. Ён выказаў словы гонару і ўдзячнасці на адрас цяперашніх вайскоўцаў, а таксама іх бацькоў. Бацькам нашых землякоў Яраслава Дабрука і Серафіма Каско, якія годна выконваюць свой воінскі абавязак у радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ён уручыў Падзячныя лісты ад камандавання тых часцей, дзе яны служаць.
Цудоўны настрой дарылі ўсім прысутным на свяце артысты і калектывы Дзятлаўшчыны. Прагучалі прыгожыя, вясёлыя, а часам і кранальныя да слёз песні ў выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля “Гарачыя сэрцы”, груп “Бархат”, “Сузор’е”, Таццяны Дудкінай, Ганны Харлінскай, Таццяны Шостка, Таццяны Буча, Ганны Зайцавай і Алы Чарняўскай.
Жаночы састаў народнага хора “Ветэраны ў страі” не толькі парадаваў добрай песняй, але і павіншаваў са святам старшыню Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Садоўскага караваем – сімвалам дабрабыту і заможнасці.
Артыстам былі адрасаваны шчырыя ўсмешкі і авацыі залы, дзе гледачы з радасцю падпявалі знаёмыя песні і нават танцавалі.
Для жадаючых зрабіць сэлфі на памяць аб свяце ў фае Цэнтра культуры працавалі тэматычная выстава і фотазона.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga