У цудоўныя дні сусветнай радасці аб увасабленні і з’яўленні ў свет Сына Божага сардэчна віншую вас, вашых родных і блізкіх са светлым святам Нараджэння Хрыстова, святам ласкі Божай да людзей!
Хрыстос нараджаецца, славіце! І кліча Гасподзь Бог кожнага з нас ад смерці ў жыццё, ад цемры да святла, ад нянавісці да любові, ад зямлі да Неба. І для тых, хто ўсім сэрцам прыняў гэты покліч Гасподні, адкрываецца невычэрпная крыніца Боскай сілы і любові, і Боскі Свет розуму асвятляе цемру знешніх і ўнутраных бураў.
Хрыстос нарадзіўся, і з намі Бог! Якая радасць, што мы пакліканы і адораны Богам абвяшчаць свету вялікую таямніцу, закліканы служыць Богу і ўсім людзям! Дык папросім жа ў Богадзіцяці Хрыста дапамогі ў нашых клопатах аб вечным выратаванні не толькі верных дзяцей Хрыстовых, але і тых, хто далёкі ад Яго.
Ад усёй душы жадаю вам гэтай духоўнай радасці – быць з Хрыстом. Бо гэта Жыццё нарадзілася наша – Сонца, якое сагравае, ратуе для вечнасці нас і дае сілы жыць.
І дай нам Бог у новым годзе з чыстай душой і ўдзячным сэрцам працягваць свой жыццёвы шлях, асвечаны жыватворным святлом Віфлеемскай зоркі і Божых запаветаў, якія абвяшчаюць нам мір і ласку Божую!
Мір вам усім у Хрысце Ісусе. Бо гэты мір, прынесены народжаным Госпадам, заўсёды павінен быць у нашай душы. Будзем маліць Яго адухатварыць душы нашы, каб узрастала вера, не заканчвалася надзея і кіравала намі ў жыцці любоў.
Жадаю вам, вашым родным і блізкім духоўнага і цялеснага здароўя, каб усе разам мы маглі славіць і дзякаваць Богу за ўсё, што Ён нам пасылае.
З Нараджэннем Хрыстовым!
З любоўю аб Госпадзе,
благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан КІСЕЛЬ