3 сакавіка ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь № 61-З “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”. Яго аснову складаюць змяненні трох кодэксаў: Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага, Крымінальна-выканаўчага, закранулі карэкціроўкі Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Як новаўвядзенні паўплывалі на работу з некаторымі катэгорыямі грамадзян, расказалі спецыялісты.
Віталій Юрго, пракурор Дзятлаўскага раёна:

– З пункта 6 часткі 5 артыкула 55 Крымінальнага кодэкса выключана забарона на абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу для асобаў, да якіх паводле артыкула 107 Крымінальнага кодэкса ўжыты яшчэ і прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі ці таксікаманіі. Чаму новаўвядзенне палегчыла работу? Бо людзі, схільныя да злоўжывання алкаголем і асацыяльнага ладу жыцця, даволі часта становяцца абавязанымі асобамі, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў або непаўналетнія дзеці якіх прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Нямала ў гэтай групе і тых, хто павінен плаціць аліменты на непаўналетніх. Калі абавязаныя асобы больш за дзесяць дзён не выходзяць на работу, то гэта ўжо з’яўляецца саставам злачынства, паколькі па заканадаўстве яны павінны выплачваць грошы на ўтрыманне сваіх дзяцей. Тое ж тычыцца і асобаў, якія больш за тры месяцы на год не выплачвалі на дзяцей аліменты. Цяпер па рашэнні суда іх можна накіроўваць не ў турму, а ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, рэжым якой прадугледжвае строгі нагляд і абавязковую занятасць у эканоміцы. Такім чынам будуць вырашацца адразу дзве праблемы: па спагнанні сродкаў на дзяцей з заработнай платы і па падтрыманні цвярозага ладу жыцця, інакш пакаранне будзе заменена на больш строгае.
Разам з тым варта ўлічваць, што выкарыстанне меры, пра якую ідзе размова, дапускаецца да асобаў, якія ўчынілі злачынствы ўжо пасля 2 сакавіка 2025 года. Пры гэтым яна не можа быць выкарыстана да хворых на актыўную форму туберкулёзу, ВІЧ-інфікаваных, хворых на СНІД або тых, хто не прайшоў поўны курс лячэння ад венерычнага захворвання.
Руслан Лаўрэнцьеў, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама:

– Змяненні ў заканадаўстве не паўплывалі на працэдуру накіравання грамадзян, хворых на алкагольную залежнасць, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, алгарытм застаецца ранейшым. Варта засяродзіць увагу на тым, што гэта катэгорыя асобаў адрозніваецца ад папярэдняй тым, што ўчыняе адміністрацыйныя, а не крымінальныя правапарушэнні.
Так, афіцыйнае папярэджанне аб магчымым накіраванні ў ЛПП можа быць вынесена ўжо пасля двух правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення, учыненых на працягу года. Калі чалавек пасля гэтага не спыняецца, прадаўжае піць і парушаць, яго накіроўваюць на медыцынскую камісію для пацвярджэння наяўнасці залежнасці і адсутнасці іншых захворванняў, якія могуць перашкодзіць накіраванню ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Пасля камісіі справа перадаецца ў суд, які і прымае далейшае рашэнне.
Прафілактыка п’янства і алкагалізму патрабуе сістэмнай мэтанакіраванай работы, комплекснага міжведамаснага падыходу. Людзі, якія вядуць амаральны лад жыцця, часта нідзе не працуюць, таму ў пошуках сродкаў для існавання схільныя да правапарушэнняў і злачынстваў. П’яныя кампаніі, як правіла, дастаўляюць нямала праблем суседзям, а курэнне ў стане моцнага алкагольнага ап’янення – самая частая прычына бытавых пажараў, якія ствараюць пагрозу жыццю не толькі для самога аматара моцных напояў, але і для тых, хто жыве побач. Накіраванне такіх праблемных грамадзян у ЛПП спрыяе паляпшэнню абстаноўкі часам нават у цэлым мікрараёне ці вёсцы, таму міліцыя вядзе мэтанакіраваную работу ў гэтым напрамку. У 2024 годзе на Дзятлаўшчыне з 41 да 31 знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. Аддзел унутраных спраў райвыканкама надаваў асаблівую ўвагу грамадзянам, схільным да правапарушэнняў і злачынстваў на глебе злоўжывання спіртнымі напоямі, асабліва тым, якія не паддаюцца мерам прафілактычнага ўздзеяння: 40 чалавек гэтай катэгорыі былі ізаляваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Сярод іх сямейна-бытавыя скандалісты, раней судзімыя, абавязаныя асобы, беспрацоўныя працаздольнага ўзросту. Да адказнасці за незаконны абарот алкагольнай прадукцыі прыцягнуты 12 асоб. Агульная колькасць адабранага з незаконнага абароту алкаголю склала больш за 150 літраў. З пачатку гэтага года ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіраваны ўжо 9 падобных жыхароў нашага раёна.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga