Сёння зімовы лес каля будынка Вензавецкага лясніцтва, доміка паляўнічага і экалагічнай сцяжынкі поўніўся дзіцячымі галасамі.

Карысную экскурсію для навучэнцаў 1-2 класаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава тут ладзілі ляснічы Дзмітрый Ваніслаўчык і ляснік Леанід Шалевіч.

Дзеці прыехалі не з пустымі рукамі: разам з настаўніцай Аксанай Пацыновіч і дырэктарам школы Марынай Нячай яны прывезлі кармушкі, якія змайстравалі са сваімі бацькамі.

Намаганнямі малечы і дарослых на экасцяжынцы лясніцтва з’явілася больш за дзясятак адметных крэатыўных кармушак. Маленькія ўдзельнікі акцыі з вялікім задавальненнем прагуляліся па зімовым лесе і напоўнілі “птушыныя сталовыя” кормам, каб крылатыя лясныя жыхары не галадалі ў марознае снежнае надвор’е.

Як добрая задумка стала рэальнай справай, расказала дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай:

– Нядаўна наша школа прыняла актыўны ўдзел у абласной экалагічнай акцыі “#Рэальная справа”. У рамках яе ладзіліся такія мерапрыемствы, як “Генеральная ўборка”, “Зялёны нарад”, “Здавайся”, “Дапаможам разам”, “Другое жыццё”. Да іх далучыўся і школьны валанцёрскі атрад “Цяпло душы”, які праводзіць экалагічныя акцыі на сістэмнай аснове.

Упэўненае “Дапаможам разам” “сказалі” навучэнцы малодшых класаў і іх бацькі напярэдадні зімовага сезона і змайстравалі прыгожыя кармушкі для птушак. Частку іх сумесна з бацькамі мы развесілі на школьным двары. Аднак хацелася, каб добрая справа набыла большы маштаб. З гэтай мэтай звязаліся з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Аляксеем Урбановічам. Ідэю ён падтрымаў і прапанаваў размясціць астатнія кармушкі на экалагічнай сцяжынцы на тэрыторыі Вензавецкага лясніцтва, каб лепшымі работамі вучняў і іх бацькоў маглі любавацца іншыя школьнікі, турысты і замежныя госці, якія бываюць тут на экскурсіях.

Я лічу, што ўдзел у акцыі спрыяе экалагічнаму выхаванню падрастаючага пакалення, фарміраванню ў дзяцей экалагічнай культуры, а яшчэ – гэта рэальная дапамога птушкам, якія застаюцца зімаваць у лясах Беларусі. Таму самыя актыўныя нашы школьнікі напрыканцы навучальнага года атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Мяркуем і надалей займацца прыродаахоўнай дзейнасцю і прыняць удзел у практычных канферэнцыях экалагічнай накіраванасці, спадзяёмся, што хто-небудзь з сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак заахвоціцца і ў будучым выбера для сябе адпаведную прафесію.

Варта адзначыць, што наша акцыя не абмежавалася вырабам кармушак, а пайшла далей. Вучні сабралі для перапрацоўкі другасную сыравіну – батарэйкі, пластык, макулатуру. У рамках працоўнага экалагічнага мерапрыемства “Зялёны нарад” старшакласнікі высадзілі туі, займаліся абрэзкай школьнага саду, уборкай тэрыторый. Паўдзельнічалі мы і ў навядзенні парадку каля прыдарожных палос і ляснога масіву ў Міроўшчыне, а таксама ў вёсцы Савічы ў супрацоўніцтве з Вензавецкім лясніцтвам.

Атрымалася, што экалагічнае выхаванне, якое пачалося з акцыі “Рэальная справа”, прадоўжылася школьнымі праектамі, паспрыяла занятасці дзяцей у шосты школьны дзень і далучэнню бацькоў да мерапрыемстваў, якія праходзяць ва ўстанове адукацыі. У далейшых планах – стварыць на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава школьнае лясніцтва, у рамках раённага конкурсу даследчых работ “Старт у навуку” праводзіць са спецыялістамі лясной гаспадаркі сумесныя даследчыя работы экалагічнай накіраванасці і сумесныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации