Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях гатовы на ўсё, каб выратаваць жыцці людзей.

Часам нават ад іх саміх. І калі ў прафілактычнай рабоце “пернікі” не дапамагаюць, даводзіцца тлумачыць з дапамогай “кнута”.

На жаль, на Дзятлаўшчыне ёсць катэгорыі грамадзян, якім, так бы мовіць, мора па калена. Яны – галоўныя аб’екты наведвання практычна кожнай аглядавай камісіі або рэйду. Гэта яны пастаянна ў зоне рызыкі для сябе і суседзяў, частка іх бюджэту рэгулярна ідзе на штрафы, але нават матывацыя “рублём” не дадае розуму і адказнасці. Але, на шчасце, большасць нашых землякоў – адказныя да ўласнай бяспекі. Каб пабачыць маштабы прафілактычнай работы знутры, часта па вызначаных маршрутах разам з інспектарам адпраўляецца карэспандэнт газеты “Перамога”.

– Толькі за лістапад і снежань гэтага года ў раёне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 5 чалавек, якія былі аштрафаваны, 9 чалавек на першы раз атрымалі папярэджанне. Гэта людзі, якія курылі ў жылых пакоях, мелі няспраўны пажарны апавяшчальнік, парушалі правілы эксплуатацыі пячнога ацяплення, – у час чарговага сумеснага прафілактычнага рэйду па горадзе Дзятлаве і аграгарадку Вензавец прыводзіць статыстыку інспектар Дзятлаўскага РАНС Мікіта Кандратовіч. – Сёлета ў вобласці адбылося 140 пажараў па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні, таму на гэты аспект звяртаем пільную ўвагу. Грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, на нашым кантролі, асабліва ў перыяд святаў.

Але ратаўнік – не Грынч і не злы чараўнік, які ўмее толькі караць. Пастаянна ў раёне вядзецца прафілактычная работа з насельніцтвам. У снежні такія мерапрыемствы праходзяць у межах акцыі “Бяспечны Новы год”. Гэтым разам сумесна з рэдакцыяй раёнкі інспектар прапаганды РАНС праехаў па маршруце аўтамагазіна, пабываў у вёсках Плябанавічы і Гірычы, дзе яшчэ раз нагадаў мясцовым жыхарам аб правілах бяспекі ў навагоднія і калядныя святы, уручыў друкаваныя брашуры.

– Прафілактычная работа з пажылымі жыхарамі раёна не абмяжоўваецца размовамі, – тлумачыць Мікіта Сяргеевіч. – Калі ў час аглядавых камісій мы бачым, што патрэбна, напрыклад, адрамантаваць печ або замяніць праводку, звяртаемся да іх дзяцей, накіроўваем лісты па месцы работы або жыхарства, каб яны дапамаглі сваім бацькам, часцей іх наведвалі ў ацяпляльны перыяд.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации