Дзякуючы навучэнцам педагагічнага класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча цуды адбыліся і ў дзіцячым садзе № 2 райцэнтра. Педкласаўцы дапамаглі выхавальнікам у падрыхтоўцы і правядзенні святаў, пастараліся зрабіць гэту зіму для малечы асаблівай і поўнай радасці.
Яны дзеляцца сваімі ўражаннямі.
Глеб Мармыш:
– У гэтым навучальным годзе мы вырашылі выйсці за рамкі нашай установы адукацыі і звярнуліся да адміністрацыі дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава з просьбай дазволіць нам паспрабаваць сябе ў ролі выхавальнікаў. Нам не адмовілі. Мы праводзілі з дзецьмі гульні, віктарыны, конкурсы, і ім было вельмі весела і цікава. Кожны новы занятак быў адкрыццём не толькі для малых, але і для нас.
Паліна Урбановіч:
– Мы, удзельнікі педкласа, пастараліся ўнесці свой уклад у стварэнне святочнай навагодняй атмасферы для самых маленькіх. На працягу некалькіх тыдняў ужываліся ў ролі Дзеда Мароза і Снягуркі, і, спадзяюся, нашы намаганні прынеслі радасць не толькі дзецям, але і дарослым. Мы хацелі б, каб такія ініцыятывы сталі традыцыяй і працягваліся ў будучым.
Анастасія Янкевіч:
– Выступаць у ролі Снягуркі было вельмі хвалююча, асабліва на ранішніках у самых маленькіх. Дзеці розныя, і для кожнага трэба было знайсці індывідуальны падыход, даводзілася імправізаваць. Такі вопыт стаў не толькі выдатнай магчымасцю для нас, педкласаўцаў, прымяніць свае веды на практыцы, але і падарыў усім удзельнікам незабыўныя эмоцыі і радасць ад стасункаў з дзецьмі.
Арцём Грамадскі:
– Мы самі акунуліся ў дзяцінства, як быццам пабывалі ў навагодняй казцы. Для сябе я адзначыў, што праца з дзецьмі цяжкая, але вельмі цікавая. Педагагічны клас даў нам велізарны вопыт у кантакце з дзецьмі, а таксама зноў даказаў, што сапраўдная каштоўнасць адукацыі заключаецца не толькі ў ведах, але і ва ўменні дарыць шчасце навакольным.
Святлана Ус, загадчыца дзіцячага сада № 2:
– Сёння педагогі нашай установы з упэўненасцю могуць сцвярджаць, што расце дастойная змена педагагічных кадраў. Актыўныя, творчыя, гатовыя прыйсці на дапамогу ў любой сітуацыі як педагогам, так і дзецям, навучэнцы педагагічнага класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча паказалі на высокім узроўні свае ўменні і набытыя веды ў адукацыйным працэсе з выхаванцамі нашай установы. Гульні, заняткі, забаўкі, уменне знаходзіць кантакт з педагогамі, дзецьмі, бацькамі – гэта частка сумеснай працы вучняў школы і дзіцячага сада. Шмат уражанняў і станоўчых эмоцый выклікалі мерапрыемствы ў нашых выхаванцаў. Яны з нецярпеннем чакаюць новых сустрэч. Дзякуй кіраўніцтву школы за супрацоўніцтва. Асаблівую падзяку хочацца выказаць настаўніцы Святлане Салаўёвай за якасную падрыхтоўку навучэнцаў педагагічнага класа.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga