Павышэнне прававой культуры насельніцтва з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў работы Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. З гэтай мэтай створаны публічныя цэнтры прававой інфармацыі (ПЦПІ).
У сваёй рабоце ПЦПІ арыентуюцца на абслугоўванне той часткі насельніцтва, для якой праблема доступу да неабходнай інфармацыі стаіць асабліва востра. Да гэтай катэгорыі ў першую чаргу адносяцца людзі “мудрага ўзросту”.
Пенсіянеры – дастаткова безабаронная катэгорыя грамадзян, паколькі большасць з іх ужо не працуе і жыве выключна на сваю пенсію. Для іх у нашай краіне прадугледжаны пэўны спектр ільгот. Гэта можа быць як вызваленне ад нейкіх абавязковых плацяжоў, так і матэрыяльная дапамога. Атрымаць хуткі доступ да афіцыйнай прававой інфармацыі і навін заканадаўства можна праз інфармацыйна-пошукавую сістэму “ЭТАЛОН-ONLINE”.
Таксама для гэтай катэгорыі грамадзян праводзяцца мерапрыемствы па прававой асвеце, адно з такіх прайшло ў снежні. Для чытачоў бібліобуса, большасць якіх пенсіянеры, да Сусветнага дня правоў чалавека адбыўся агляд прэсы “Прававая абарона пенсіянераў на старонках перыядычных выданняў”. Бібліятэкар пазнаёміла іх з выданнямі “Я на пенсии”, “Сваты”, “1000 советов” і іншымі, у якіх вядуцца прававыя рубрыкі, дзе на пытанні адказвае юрыст. Таксама яны прагледзелі папку “Матэрыялы сацыяльнага зместу”, дзе знаходзіцца інфармацыя аб арганізацыях, у якія яны могуць звярнуцца па дапамогу, і афіцыйныя дакументы па сацыяльнай абароне.
Марына КРУПІЦА, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga