Гаворыць фіналістка рэспубліканскага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, дэлегатка VI Усебеларускага нацыянальнага сходу, намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталля Клімец:
– Выхаванне падрастаючага пакалення, безумоўна, самая важная частка жыцця любого грамадства, і Беларусь не выключэнне. Школа займае значную ролю ў гэтым працэсе. Задача педагогаў падрыхтаваць маладое пакаленне да дарослага жыцця, каб кожнае дзіця стала паўнацэнным, паўнапраўным членам грамадства.
Я лічу, што сёння беларуская адукацыя рухаецца ў правільным накірунку, нават у некалькіх накірунках. Адзін з іх – гэта работа з высокаматываванымі навучэнцамі, якія праяўляюць таленты ў алімпіядным руху, навукова-даследчай дзейнасці. Наша мэта – даць ім шанц развіцца яшчэ больш, пайсці яшчэ далей. Ва ўсім гэтым мы адчуваем вялікую падтрымку дзяржавы. Тэхнічная забяспечанасць установаў адукацыі сёння – гэта вынік плённага ўзаемадзеяння школы і кіраўніцтва: у нас ёсць сучасная інфармацыйная база, усе кабінеты далучаны да інтэрнэту, нам даступны вялікія рэсурсы, якія можна выкарыстоўваць у педагагічнай дзейнасці. Як настаўнік-практык, я ўсё гэта цаню.
Яшчэ адзін накірунак сістэмы адукацыі Беларусі, якому і сёння, і ў далейшым неабходна надаваць вялікую ўвагу – гэта выхаванне грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны. Дастаткова важным, я ўпэўнена, з’яўляецца таксама фарміраванне ў дзяцей выразнага разумення такіх паняццяў як “грамадзянскасць” і “патрыятызм”. Гэта занчыць, дзіця, якое выйшла са школы, павінна адчуваць, што яго Радзіма – гэта яго апора, яго аснова і вытокі. Галоўнай мэтай маладых людзей, якія стаяць на парозе школы, павінна быць імкненне зрабіць для сваёй Айчыны як мага больш добрага і карыснага, каб развіццё нашай краіны зрабіла яшчэ адзін вялікі крок наперад.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ