Пад эгідай абласнога камітэта ГА “БРСМ” у Гродне прайшоў абласны злёт патрыятычных клубаў, прымеркаваны да Дня народнага адзінства.

Дзятлаўшчыну прадставіў клуб “Мужнасць” Казлоўшчынскай сярэдняй школы, які па выніках спаборніцтваў заваяваў другое месца.

У яго ўвайшлі навучэнцы 10 і 11 класаў з кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання Станіславам Буяком. Аб’яднанне на працягу двух гадоў дзейнічае на базе школы, рэалізуючы задачы па патрыятычнай, цімураўскай, экалагічнай рабоце.

Старт злёту, што аб’яднаў 160 маладых патрыётаў краіны, быў дадзены ў гродзенскім парку Жылібера. Там адбыўся мітынг з ускладаннем кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан: удзельнікі злёту ўшанавалі памяць тых, хто аддаў свае жыцці за мірную будучыню. Затым маладыя людзі ў суправаджэнні аркестра маршам прайшлі па вуліцах абласнога цэнтра да плошчы Савецкай, дзе разгарнуліся асноўныя мерапрыемствы свята.

Праграма спаборніцтваў уключала завочны этап – відэапрэзентацыю клуба, а таксама вочныя: спартакіяду, у час якой удзельнікі злёту дэманстравалі свае навыкі ў разборцы і зборцы аўтамата, страявой падрыхтоўцы, праходзілі паласу перашкод (у гэтым этапе нашы школьнікі сталі лепшымі).

У час конкурсу “Раўненне на героя” каманды ў творчай форме прадставілі біяграфіі герояў Вялікай Айчыннай вайны, іх несмяротныя ўчынкі і подзвігі. Прадстаўляючы праект, магчымасць “сесці за парту” са славутым земляком Іосіфам Філідовічам, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна, атрымаў удзельнік Міжнароднага злёту эколагаў, прызёр занальнага этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі” адзінаццацікласнік Артур Мазоль.

– Мы – пакаленне, у імя якога аддалі свае жыцці мільёны нашых дзядоў і прадзедаў. Мы – будучыя абаронцы Айчыны, а значыць, наша задача ўжо сёння беражліва захоўваць мір на роднай зямлі, быць патрыётамі, – адзначыў ён.

На ўрачыстым закрыцці патрыятычнага мерапрыемства лепшых з лепшых па выніках усіх выпрабаванняў узнагародзілі граматамі і падарункамі.

Наталля АВЯРЧУК

Фота з архіву

Похожие публикации