Тэрыторыя раёна заселена з самых старажытных часоў.

Па берагах рэк Нёман, Шчара, Моўчадзь, Дзятлаўка, Ятранка археолагі выявілі курганы, сляды стаянак і паселішчаў чалавека перыяду неаліту. Падчас археалагічных раскопак знойдзены прылады працы першабытных людзей: каменныя сякеркі, крэмневыя скрабкі, зубілы, наканечнікі стрэл. Археалагічныя знаходкі захоўваюцца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Годам заснавання Дзятлава лічыцца 1498-ы, калі вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр дароўнай Граматай аддаў “Двор Здетело” ў валоданне свайму гетману, літоўскаму князю Канстанціну Астрожскаму з правам заснаваць “мястэчка” (невялікі горад).

Дзятлава ўзнікла на скрыжаванні дарог, якія вялі да Слоніма, Навагрудка, Ліды. На думку некаторых навукоўцаў, паселішча ў якасці ваеннай заставы, якая прыкрывала сталіцу ВКЛ горад Навагрудак з поўдня, існавала значна раней. Як распавядае Іпацьеўскі летапіс, у 1253 годзе каля возера Зьята адбылося сутыкненне паміж Галіцка-Валынскім і літоўскім войскамі: “И послаша сторож Литва на озерем Зьято и гнаша через болота реки Щары”.

У розныя часы мястэчкам валодалі Астрожскія, Сапегі, Палубінскія, Радзівілы, Солтаны.

У XVI стагоддзі тэрыторыя раёна ўвайшла ў Слонімскі павет Навагрудскага ваяводства. У гэты час побач з мястэчкам Здзецела ўзнікаюць і іншыя мястэчкі як цэнтры маёнткаў буйных магнатаў: Вензавец, Дварэц, Казлоўшчына, Наваельня, Раготна.

У 1699 годзе ў Дзятлаве налічвалася каля тысячы жыхароў, вуліц было дзевяць (Беліцкая, Замкавая, Памарайская, Дворная, Слонімская і іншыя). На іх стаялі 126 дамоў, 25 з якіх належалі яўрэйскім сем’ям. Цэнтрам мястэчка была Рыначная плошча. Побач знаходзіўся мураваны касцёл, пабудаваны ў 1646 годзе Казімірам Львом Сапегам. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца самым старым будынкам нашага горада.

У пачатку XVIІІ стагоддзя Рэч Паспалітая прымала ўдзел у Паўночнай вайне. Падчас гэтай вайны, калі Расія вяла барацьбу за выхад у Балтыйскае мора, у пачатку 1708 года ў Дзятлаве на зімовых кватэрах размяшчаліся галоўныя сілы рускай арміі. У студзені 1708 года ў мястэчка прыбыў рускі цар Пётр І. З Дзятлава ляцяць загады цара ў Маскву, Пецярбург, Пскоў, Гродна і іншыя гарады. Пакуль шведскія войскі стаялі за Віслай, Пётр знаходзіўся ў Дзятлаве.

Пасля адступлення рускай арміі да Смаленска, шведы пабывалі і ў Дзятлаве. Яны разбурылі і спалілі драўляную крэпасць, пабудаваную ў 1500 годзе князем Канстанцінам Астрожскім. Новыя ўладальнікі мястэчка, князі Радзівілы, у 1751 годзе на яе месцы пабудавалі палац-сядзібу з паркам у англійскім стылі.

У 1743 годзе значная частка Дзятлава была знішчана пажарам. Але інвентар 1784 года сведчыць, што мястэчка хутка адбудоўваецца і павялічвае свае межы. У ім было ўжо 176 двароў, шпіталь, лазня, тры млыны. У 1817 годзе ў Дзятлаве адкрываецца школа.

У канцы XVIІІ стагоддзя Рэч Паспалітая перастала існаваць. У выніку трэцяга яе падзелу ў 1795 годзе Дзятлаўшчына адышла да Рускай дзяржавы. Па новаму адміністрацыйным падзеле яна ўвайшла ў састаў Слонімскага павета Гродзенскай губерніі. Уладальнікам мястэчка становіцца род Солтанаў. Яны будуюць тут невялікую папяровую фабрыку, цагельны завод і паштовую станцыю.

Улетку 1812 года праз тэрыторыю раёна на ўсход адступалі рускія войскі 2-й арміі Пятра Баграціёна.

За ўдзел Адама Солтана ў паўстанні 1830-1831 гадоў мястэчка Дзятлава перайшло ў дзяржаўную казну.

У другой палове ХІХ стагоддзя на Дзятлаўшчыне з’яўляюцца першыя дробныя прамысловыя прадпрыемствы: дрэваапрацоўчыя, цагляныя і гарбарныя майстэрні, млыны, бровары, на якіх панавала ручная праца. У гэты час у мястэчку пачалі вырабляць паркет пад назвай “Дзятлаўскі”.

У першыя гады ХХ стагоддзя былі адкрыты тры аптэкі, працавала народнае вучылішча, царкоўна-прыходская школа. Бальніцы ў мястэчку не было. Толькі ў 1912 годзе з’явіўся доктар, які займаўся прыватным прыёмам. У Дзятлаве рэгулярна праводзіліся таргі і кірмашы: таргі – штотыдзень па аўторках, кірмашы – два разы ў год (23 красавіка і 30 мая).

Жыхары нашага раёна з вялікім натхненнем сустрэлі перамогу Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Больш за 30 дзятлаўчан прымалі непасрэдны ўдзел у рэвалюцыі і грамадзянскай вайне.

У 1919 годзе буржуазная Польшча пачала барацьбу супраць савецкіх рэспублік і вясной 1920 года захапіла заходнія раёны Савецкай Беларусі. Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора з сакавіка 1921 па верасень 1939 года Дзятлаўшчына ўваходзіла ў састаў Польшчы. У тыя гады ў раёне атрымаў развіццё нацыянальна-вызваленчы рух за ўз’яднанне БССР.

Дзейнічалі падпольныя райкамы КПЗБ і КСМЗБ, ячэйкі БКРГ і ТБШ. Шырока вядомым у Заходняй Беларусі і Польшчы быў наш зямляк – доктар філасофіі, літаратуразнаўца, асветнік Ігнат Дварчанін. Ён быў дзеячам нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі.

18 верасня 1939 года войскі Чырвонай Арміі вызвалілі Дзятлава.

Пачалі ўтварацца валасныя і сельскія Часовыя камітэты, якія займаліся пытаннямі палітычнага, культурнага і гаспадарчага жыцця. У снежні 1939 года адбыўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации