Сучасныя школьнікі шмат ведаюць пра шкоду наркотыкаў для здароўя і жыцця чалавека, пра адказнасць за іх выраб, распаўсюджванне, захоўванне і ўжыванне, вызначаныя беларускім заканадаўствам, бо ва ўстановах адукацыі вядзецца пастаянная прафілактычная работа на гэты конт.


Педагогі і службы прафілактыкі Дзятлаўшчыны імкнуцца разнастаіць формы ўзаемадзеяння з падрастаючым пакаленнем, зрабіць іх больш слушнымі і зразумелымі. На гэты раз з ініцыятывы камісіі па справах непаўналетніх і інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама адбылася сустрэча навучэнцаў старэйшых класаў гарадскіх школ з асуджаным за злачынства, учыненае ў стане наркатычнага ап’янення, які цяпер адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі-пасяленні № 26 аграгарадка Гезгалы. Удзел у размове, якая ладзілася ў фармаце адкрытага дыялога, прынялі таксама памочнік пракурора раёна Ірына Забеліна і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

– У папраўчай калоніі-пасяленні працую 9 гадоў, – расказаў прысутным намеснік начальніка ПКП № 26 Максім Сосік. – На жаль, як сведчаць мае назіранні, апошнім часам пакаранні па “наркатычных” артыкулах значна “памаладзелі”. Асуджаны, які згадзіўся на размову, 1993 года нараджэння. У месцах пазбаўлення волі ён з 2014 года, агульны тэрмін пакарання – 13 гадоў, адбываць яго будзе да 2027 года. Вінаваты ён у тым, што ў кампаніі такіх жа маладых людзей ужыў наркотыкі, а вынікам стала нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў пацярпеламу, узбуджэнне крымінальнай справы, значны тэрмін зняволення з пажыццёвай грашовай кампенсацыяй пацярпеламу.

– Калі хоць адзін з вас пасля сённяшняга мерапрыемства скажа сабе, што наркотыкі яму не патрэбны, значыць, мы сустракаліся не дарэмна, – з вылучэння галоўнай мэты пачаў сваю размову са старшакласнікамі асуджаны.

Ён расказаў прысутным, як з юнага ўзросту паспрабаваў наркатычныя рэчывы, як быў упэўнены, што ніколі не трапіць у залежнасць ад іх, як аднойчы закладчык пераблытаў “парашкі” і яны з кампаніяй ужылі занадта вялікую “дозу”, як пад уздзеяннем гэтага рэчыва ён пакалечыў свайго сябра дзяцінства, аб чым усе гэтыя гады вельмі шкадуе і перажывае.


Асуджаны адказаў на ўсе пытанні школьнікаў і спецыялістаў, ён пастараўся данесці да аўдыторыі галоўную думку: наркатычныя рэчывы – гэта разрэкламаванае, асабліва ў моладзевым асяроддзі, зло, якое збытчыкі імкнуцца “ахінуць шлейфам рамантыкі”, аднак нічога рамантычнага ў іх няма, ёсць толькі падман, шкодны ўплыў на здароўе і тысячы зламаных лёсаў. Пакуль адны падманваюць і стараюцца зарабіць на збыце такіх прэпаратаў вялікія грошы, другія пакутуюць самі, робяць невыносным жыццё сваіх блізкіх, хварэюць, гінуць, трапляюць у турмы.

Ці не правільней яшчэ з юнага ўзросту выбраць для сябе зусім іншы шлях – здаровае жыццё без залежнасцяў, а значыць, і сапраўдную свабоду, калі табой і ўсімі тваімі ўчынкамі не кіруе згубная звычка.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga