У Беларусі пачалася актыўная падрыхтоўка да святкавання 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.


У Мінску пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра краіны Рамана Галоўчанкі прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага аргкамітэта.
Што ў рамках юбілейнай даты намечана Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем, расказала старшы навуковы супрацоўнік Вольга Цюшляева:

– 2025 год адзначаны важнай юбілейнай датай, таму супрацоўнікі музея будуць ладзіць лекцыі, тэматычныя экскурсіі, інфармацыйныя гадзіны аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, гераізме і мужнасці беларускага народа і нашых землякоў. Паколькі ў экспазіцыях тэме нададзена вялікая ўвага, то абапірацца будзем менавіта на іх змест, улічваючы розныя катэгорыі наведвальнікаў. Калі гэта дашкольнікі – прапануем музейны занятак па тэме вайны, для вучняў пачатковай і базавай школы – краязнаўчы батл “80 гадоў пад мірным небам” і ваенна-патрыятычны квэст “Дарогамі Вялікай Айчыннай вайны”, для старшакласнікаў – тэматычныя экскурсіі. З сакавіка мяркуем запусціць віртуальны праект аб лёсах нашых землякоў у гады ваеннага ліхалецця “Памяццю жыве Дзятлаўшчына”, азнаёміцца з якім можна будзе на сайце і ў сацыяльных сетках музея, спадзяюся, і раённай газеты. На май запланавана стварэнне часовай экспазіцыі з фондаў музея “Героі, подзвігі, узнагароды”. Паўдзельнічае Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей і ва ўсіх знакавых юбілейных абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і выставах.
У 2024 годзе для рэгіянальных музеяў Міністэрства культуры Беларусі прызначыла куратараў, наш – гэта музей Якуба Коласа. У маі да 80-годдзя Вялікай Перамогі з тэмай “Якуб Колас і Узбекістан” супрацоўнікі музея наведаюць нашу ўстанову і правядуць сустрэчу.


Увогуле, калі на Дзятлаўшчыну прыязджаюць госці і заходзяць у музей, то тэма вайны – адна з цэнтральных. Што тычыцца пашырэння аўдыторыі наведвальнікаў сярод жыхароў раёна, то мы адправілі лісты-запрашэнні ў арганізацыі з прапановай пазнаёміцца з экспазіцыямі, прысвечанымі 80-годдзю Перамогі і 85-годдзю ўтварэння Дзятлаўскага раёна. У музеі ўжо пабывалі сыраробы і медыкі.


У верасні 2022 года паміж Міністэрствамі адукацыі і культуры было заключана пагадненне, якое дазваляе навучэнцам школ, прафесійна-тэхнічных і сярэднеіх спецыяльных установаў раз у месяц (у апошнюю сераду) наведваць музеі Беларусі з бясплатным экскурсійным суправаджэннем (акрамя камерцыйных выставаў). Да нас ужо прыязджалі школьнікі са Шчучыншчыны.
Яшчэ ў рамках пагаднення дзейнічае такі праект, як “Урок у музеі”, калі настаўнікі школ на базе нашай установы бясплатна могуць правесці ўрок, які будзе адпавядаць зместу экспазіцый ці фондаў. Гэта могуць быць не толькі ўрокі гісторыі, але і літаратуры, мовы, іншыя. Нядаўна такі занятак прайшоў па выяўленчым мастацтве, тэме “Вышыўка”, дзе мы прадставілі дзецям абрусы, кашулі, ручнікі, вышытыя дзятлаўскімі майстрыхамі.

Дарэчы, у музей госці прыходзяць не толькі па ўражанні, многія з іх жадаюць набыць штосьці на памяць або зрабіць падарункі для блізкіх, сяброў, таму на першым паверсе працуе сувенірная лаўка, дзе прадстаўлена шмат цікавых рэчаў з выявамі славутасцяў Дзятлаўшчыны, нацыянальнай сімволікай ад магніцікаў да вечнага календара.





Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga