На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прааналізавана сітуацыя па абароне законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх у пятнаццаці сем’ях раёна. Тры з іх, дзе дзеці знаходзіліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы, пасля выпраўлення крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту зняты з уліку, з астатнімі работа прадоўжана. Афіцыйна папярэджаны за адміністрацыйнае правапарушэнне ўраджэнец раёна – навучэнец каледжа, з якім будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Пакуль толькі плюсы

Нованароджаны хлопчык быў прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне ў снежні мінулага года з-за позняга звароту маці да доктара, несвоечасовай пастаноўкі на ўлік па цяжарнасці, прыхільнасці жанчыны да алкаголю. За час адабрання дзіцяці яна многае пераасэнсавала ў сваім жыцці. Пакуль прыкладае магчымыя намаганні, каб вярнуць сына, і гэта адзначаюць суб’екты прафілактыкі: да маці няма заўваг на рабоце, дома яна падтрымлівае парадак, пастаянна тэлефануе спецыялістам Гродзенскага дома дзіцяці, каб пацікавіцца здароўем немаўляці, і збіраецца ў бліжэйшы час яго наведаць у абласным цэнтры. Члены камісіі па справах непаўналетніх падбадзёрылі маці і адзначылі, што калі ўсе станоўчыя змяненні захаваюцца і надалей, то сын у хуткім часе вернецца дамоў.

Амаль аналагічнае заключэнне, што “ўсё залежыць толькі ад яе”, пачула яшчэ адна наша зямлячка, двое сыноў якой таксама адабраны і знаходзяцца ў сацыяльным прытулку. Для яе падобны жыццёвы ўрок не першы, бо і раней сям’я трапляла ў сітуацыі рызыкі, а непаўналетніх прызнавалі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер гэта адбылося па-ранейшаму з-за прыхільнасці маці да алкаголю і канфлікту, які ўзнік у яе са старэйшым сынам, калі падлетак не стрымаў эмоцый. Яшчэ ў адносінах да яго жанчына не выконвала патрабаванняў медыкаў, хлопец не атрымліваў патрэбнага лячэння. Цяпер медыцынская дапамога дзецям аказана. За гэты час і маці пачала актыўна рыхтавацца да іх вяртання дамоў: працуе, робіць рамонт, набыла новую мэблю. Калі курс на выпраўленне будзе прадоўжаны, сям’я зноў аб’яднаецца.

У кожнага па-рознаму

Палепшылася сітуацыя яшчэ ў пяці сем’ях, дзе непаўналетнія прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, аднак работа з імі прадаўжаецца да поўнага выпраўлення ўсіх крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту. Чатыры ненадзейныя сям’і па-ранейшаму патрабуюць пільнага кантролю службаў прафілактыкі, дзве не прыйшлі на пасяджэнне, яшчэ ў адной ёсць рызыка прызнання сына маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Галоўным фактарам негатыву тут з’яўляецца сужыцель маці, які дапускае прагулы на рабоце з-за п’янак, а нядаўна быў асуджаны: “зарабіў” штраф у 40 базавых велічыняў і “хатнюю хімію”. Безумоўна, яго прыклад не самы лепшы для хлопчыка-падлетка, таму члены камісіі ўжо не першы раз папярэджваюць маці, што пры вострай сітуацыі ў сям’і дзіця экстранна прызнаюць маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Жанчына рабіла некалькі спробаў расстацца з сужыцелем, аднак канчатковую кропку ў адносінах так і не паставіла. Сям’я застаецца на самым пільным кантролі.

Вучыцца – толькі на аўтадроме

Непрыемная, але прадказальная сітуацыя здарылася з нашым маладым земляком, навучэнцам аднаго з каледжаў вобласці. Хлопец мае станоўчыя характарыстыкі па месцы вучобы і ў бліжэйшы час збіраецца атрымліваць вадзіцельскае пасведчанне. Каб сын замацоўваў навыкі ваджэння на адной з сельскіх дарог раёна, матуля перадала яму мапед. Сын катаўся і быў затрыманы работнікамі дзяржаўтаінспекцыі. За перадачу руля асобе, якая не мае пасведчання, маці ўжо заплаціла штраф. Сітуацыю разгледзелі і на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Здавалася б, намер жанчыны быў добрым, аднак, паводле Правілаў дарожнага руху, вучыцца ездзіць без пасведчання для бяспекі пачынаючага вадзіцеля дазваляецца толькі на закрытых аўтадромах.

З улікам станоўчых характарыстык навучэнца і адсутнасці ў яго асабістага даходу (стыпендыю не атрымлівае) члены камісіі вынеслі афіцыйнае папярэджанне і растлумачылі, што на працягу года з хлопцам па месцы вучобы будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, калі ж у гэты час ён дапусціць падобнае правапарушэнне, то значнага штрафу ўжо не пазбегнуць.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Павел БАРАНОЎСКІ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации