На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прааналізавана сітуацыя ў адзінаццаці сем’ях раёна. Тры з іх, дзе дзеці знаходзіліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы, пасля выпраўлення крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту зняты з уліку, з астатнімі работа прадоўжана. Па выніках сацыяльнага расследавання ў сацыяльна ненадзейным становішчы прызнана навучэнка каледжа, якую бацька гадуе адзін і не задавальняе яе асноўных жыццёвых патрэбаў. Афіцыйна папярэджаны за адміністрацыйнае правапарушэнне школьнік, з якім будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.
Былы муж “дапамагае”, нават калі не просяць
Жанчына гадуе двух непаўналетніх сыноў, якія з-за яе схільнасці да моцных напояў прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Шлюб яна скасавала, жыве з сужыцелем (бацькам малодшага дзіцяці), але былы муж апантана кантралюе паводзіны сваёй ранейшай “палавінкі”. Нядаўна, напрыклад, ён выклікаў міліцыю, бо меркаваў, што для яго роднага сына адсутнічае прыгатаваная ежа. Факт не пацвердзіўся, а непрыемныя эмоцыі ў жанчыны і яе новага абранніка засталіся.
Маці пакуль не была заўважана п’янай, аднак гаварыць пра поўнае выпраўленне сітуацыі ў сям’і занадта рана, таму двое сыноў застаюцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, а паводзіны ўсіх дарослых – на кантролі раённых службаў прафілактыкі.
Нагляд варта прадоўжыць
Сям’я, дзе гадуюцца чацвёра хлопчыкаў, трапіла на ўлік як ненадзейная з-за невыканання парадаў медыцынскіх работнікаў. Маці не асабліва любіць наводзіць дома парадак, таму раз-пораз атрымлівае заўвагі яшчэ і за санітарны стан жылля. Нядаўна ў шматдзетную сям’ю праверыць супрацьпажарную бяспеку наведаліся ратаўнікі. Як аказалася, у аўтаномным пажарным апавяшчальніку знаходзілася няспраўная батарэйка, аднак у гаспадароў рукі так і не дайшлі яе замяніць. На заўвагі спецыялістаў жанчына выказала сваё абурэнне, маўляў, “прыдзіраюцца за дробязі”. Праўда, падобныя дробязі ўратавалі не адно чалавечае жыццё, а бацькам варта было б падумаць не пра ўласныя амбіцыі, а пра бяспеку дзяцей. Паколькі сям’я не перастае здзіўляць “сюрпрызамі”, яна таксама застанецца на пільным кантролі.
Яшчэ адна жанчына, двое сыноў якой прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама не прыйшла: са спецыялістамі размаўляў бацька малодшага хлопчыка. Як аказалася, маці наогул мала ўвагі надае сям’і і быту, а большасць свайго часу праводзіць у сацыяльных сетках. Яшчэ адно яе захапленне – незапланаваныя вандроўкі. Безумоўна, і гэта сітуацыя патрабуе далейшага кантролю.
Застаюцца пад увагай службаў прафілактыкі і бацькі яшчэ чатырох непаўналетніх, якія спачатку вярнуліся да згубнай звычкі па ўжыванні алкагольных напояў, а потым узялі сябе ў рукі і прайшлі кадзіроўку. Пакуль па паводзінах дарослых пытанняў не ўзнікае, аднак падобныя рэцыдывы ў сям’і здараліся неаднаразова, таму і для станоўчых прагнозаў падставаў няма.
Ці патрэбны сын маці?
Амаральны лад жыцця жанчыны, якая адна гадуе сына-школьніка, прывёў да пагаршэння сітуацыі ў сям’і. На жаль, свайму бацьку хлопчык таксама не патрэбны, і мужчына не прыкладае намаганняў, каб забраць яго гадаваць.
Апошнім часам маці ўсё часцей бярэцца за бутэльку, з-за чаго ўчыніла шмат прагулаў, засталася без работы.
Членам камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама яна паабяцала ў бліжэйшы час закадзіравацца, аднак спецыялісты не прынялі гэтыя словы на веру, бо ўжо год, як жанчыне рэкамендавана пракансультавацца ў доктара-нарколага, але гэту рэкамендацыю яна ўпарта ігнаруе, не прыходзіла і на пасяджэнні камісіі.
Сына прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Засталася без падтрымкі
Сацыяльнае расследаванне ў сям’і, дзе бацька пасля смерці жонкі адзін гадуе дачку, ініцыяваў каледж, у якім вучыцца дзяўчына. Справа ў тым, што навучэнцы даводзіцца жыць толькі на стыпендыю, ды і ехаць дахаты на выхадныя і канікулы яна не спяшаецца. Часцей, чым родны бацька, нашай маладой зямлячцы дапамагаюць яе цёткі (сёстры маці), хаця менавіта мужчына атрымлівае дапамогу па страце карміцеля, сродкі якой і разлічаны для задавальнення асноўных патрэбаў дачкі. Вынікі сацрасследавання толькі пацвердзілі гэтыя факты, таму дзяўчыну прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы.
На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама бацька толькі паціскаў плячыма, маўляў, грошы адпраўляю спраўна, але куды яны дзяваюцца, не ведаю. Аднак на пытанне членаў камісіі, якім чынам і якія сумы пераводзіць дачцэ, так і не змог адказаць. У выкладчыкаў і куратара групы мужчына таксама не цікавіўся яе паспяховасцю і жыццём, што вядзе да думкі аб абыякавых адносінах да дзіцяці.
Даросламу патлумачылі, што дзяўчына пакуль яшчэ непаўналетняя, а таму яе могуць прызнаць маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне, тады клопат аб забеспячэнні ўсяго неабходнага для жыцця возьме на сябе дзяржава, а бацьку давядзецца працаваць і пагашаць гэтыя расходы.
Здалі нервы, але так нельга
Падлетак, на якога быў складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што падняў руку на маці, віну сваю прызнаў і пакаяўся, тым не менш атрымаў папярэджанне, з ім будзе весціся індывідуальная прафілактычная работа.
Матулю хлопец любіць, аднак не заўжды можа трымаць сябе ў руках, калі яна бывае п’янай, як і ў той злашчасны дзень. У непаўналетняга проста здалі нервы, аднак кулакі – не сродак вырашэнне праблем, што сын яскрава зразумеў пасля таго, як прычыніў боль роднаму чалавеку.
Членам камісіі юнак паабяцаў, што больш ніколі не стане сябе так паводзіць у крытычнай сітуацыі. Хочацца верыць, што жыццёвы ўрок сапраўды засвоены.
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Павел БАРАНОЎСКІ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga