У Мінску прайшоў фінал Нацыянальнага фестывалю-конкурсу “Прадпрымальнік года”. Дыпломам пераможцы ў намінацыі “Эфектыўны індывідуальны бізнес” была адзначана прадпрымальнік з Дзятлаўшчыны Марына Радкевіч, якая спецыялізуецца на рознічным гандлі нехарчовай групай тавараў і аказанні бытавых паслуг.

Сёлета ўдзел у конкурсе прымалі каля 500 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, лепшымі прызнаны 34 канкурсанты.

Прадпрымальніца падзялілася сваімі ўражаннямі ад перамогі ў Нацыянальным конкурсе, расказала, што самае важнае ў прыватнай справе і хто падтрымлівае смелыя ініцыятывы.

– Марына Міхайлаўна, вы ўвайшлі ў трыццатку лепшых прадпрымальнікаў нашай краіны з паўтысячы прэтэндэнтаў. Якія эмоцыі на гэты конт?

– Гэта першая мая дзяржаўная ўзнагарода ў сферы прадпрымальніцтва. Крыху нечакана і вельмі прыемна. Некаторыя мае знаёмыя пытаюцца: “А што ты зрабіла, каб перамагчы?” Я разумею, што нешта істотнае зрабіла, але не засяроджвала на гэтым увагу, проста працавала. Мне падабаецца не толькі вынік дзейнасці, а і сам працэс. Высокая ўзнагарода, як пацвярджэнне: усё, што я раблю, нездарма, стымул рухацца далей у абраным кірунку.

– Што ўлічвалася конкурсным журы і як прайшла цырымонія?

– На конкурс мы падавалі справаздачы па сваёй фінансавай дзейнасці, аб’ём выплат у дзяржаўны бюджэт. Ацэньвалася эфектыўнасць бізнесу і карысць, якую прадпрымальнікі прыносяць эканоміцы рэгіёна, дзе працуюць. Фінал Нацыянальнага конкурсу прадпрымальнікаў праходзіў у Мінску ва ўрачыстай абстаноўцы, дзе мы мелі магчымасць пазнаёміцца з міністрам эканомікі Юрыем Чабатаром і іншымі значнымі постацямі ў гэтай сферы. Прыемна ўразіў намеснік старшыні Дэпартамента па прадпрымальніцтве Руслан Невяроўскі. Пазнавальна было ўбачыць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, якія дзесяцігоддзямі паспяхова працуюць у Беларусі, пры гэтам эфектыўна і ўзаемавыгадна супрацоўнічаюць з бюджэтнымі арганізацыямі. У сферы прадпрымальніцтва адчуваецца магутная падтрымка дзяржавы, тое, што мы патрэбныя сваёй краіне і можам быць паспяховымі менавіта тут і цяпер. Напрыклад, у Беларусі пад эгідай Міністэрства эканомікі існуе фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва, які гатовы падставіць плячо тым, хто хоча развівацца, мае праграму і план развіцця. Калі кажуць, што ў Беларусі складана развівацца малому бізнесу – не верце: хто хоча і ўмее працаваць, дасягае поспехаў, магчымасцяў для гэтага шмат.

– Вы – медык па адукацыі, прысвяцілі рабоце па спецыяльнасці многія гады. Як наважыліся перайсці ва ўласную справу?

– У Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце для  псіханеўралагічных хворых, дзе нямала гадоў я працавала старшай медыцынскай сястрой, выдатны калектыў, мудрае кіраўніцтва і добрыя ўмовы працы. Пры гэтым у 2014 годзе я пачала рабіць першыя крокі да сваёй справы, атрымала вышэйшую адукацыю ў сферы эканомікі і кіравання на прадпрыемстве. Пачынала свой бізнес з невялікага гандлёвага павільёна ў пасёлку Казлоўшчына, сёння я валодаю некалькімі гандлёвымі пунктамі на Дзятлаўшчыне. У адзін з момантаў зразумела, што не змагу якасна і прафесійна сумяшчаць работу медыка і ўласную справу, выбрала прыватны бізнес. Адным са значных праектаў у гэтай сферы стала адкрыццё гандлёва-сэрвіснага цэнтра ў Казлоўшчыне, у будынку былога Дома быту, які даўно пуставаў. Калі вырашыла пашыраць гандлёвую плошчу, звярнулася ў аддзел эканомікі райвыканкама па дазвол набыць гэтыя памяшканні па рыначным кошце, правесці там рамонт і адкрыць гандлёва-сэрвісны цэнтр. Гэта ідэя была падтрымана кіраўніцтвам раёна. Спецыялісты аддзела эканомікі падрабязна растлумачылі працэдуру, дапамаглі ў правільным афармленні дакументацыі, адказалі на ўсе пытанні, вельмі ўдзячная ім за падтрымку. Абавязковай умовай рэалізацыі праекта было захаванне ў памяшканні сферы бытавых паслуг для насельніцтва – цырульні, пральні і пункта прыёму ў хімчыстку. Усе яны былі выкананы: у ганлёвым цэнтры размяшчаюцца ўсе названыя аб’екты і аптэчны пункт.

– Як быць паспяховым бізнесменам у невялікім рэгіёне?

– Каб эфектыўна працаваць у любым бізнесе, трэба разумець, чаго ты хочаш. У сферы гандлю  – увесь час прапаноўваць нешта новае, прывучаць людзей да свайго асартыменту, аналізіраваць. Мы жывём у час папулярнасці інтэрнэт-магазінаў і павінны ўмець паспяхова з імі канкурыраваць. Для гэтага неабходна трымаць руку на пульсе, прапаноўваць пакупніку тое, што яму трэба па прымальным кошце. Каб рухацца наперад, варта ўвесь час нечага хацець і імкнуцца. Так, як было нават дзесяць гадоў таму, ужо не будзе, і мы пастаянна вучымся жыць у сённяшніх рэаліях.

– Ці адчуваеце падтрымку родных людзей?

– Сям’я ніколі не аспрэчвае мае рашэнні, толькі падтрымлівае, і гэта дае мне сілы рухацца далей. Мне ўвогуле шанцуе на добрых людзей: куды б я ні звярталася з ініцыятывамі, атрымліваю адабрэнне і дапамогу.

– Якой бачыце сваю будучыню ў бізнесе?

– Стараюся жыць сённяшнім днём, далёка не загадваючы. Ёсць планы пашырацца, развівацца, выходзіць на новыя гарызонты і рынкі збыту, для гэтага трэба шмат працаваць. Упэўнена, што ў роднай Беларусі пры такой падтрымцы ўсё атрымаецца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее
#нашалепшае

Похожие публикации